Гарбаты кіт Цімі жывы і нарэшце кіруецца ў Паўночнае мора. Аперацыя па яго выратаванні цягнулася два месяцы
За кранальнай гісторыяй Цімі сачыла ўся Германія і не толькі.
Фота: Philip Dulian/AP
Жывёлінку транспартуюць на баржы з буксірам Fortuna B і суправаджальным суднам Robin Hood. Гэтая калона павінна абысці паўночную ўскраіну Даніі, прайсці праз праліў у Паўночнае мора і выпусціць кіта там. Як адзначаюць нямецкія СМІ, Цімі дыхае, рэгулярна выпускаючы фантаны, і знаходзіцца пад наглядам ветэрынараў, піша DW Belarus.
12‑метровага кіта ўдалося змясціць на баржу вечарам 28 красавіка сіламі прыватнай выратавальнай ініцыятывы. Дапаможнікі завялі жывёлу ў выкапаны канал і зафіксавалі рамянямі на баржы. Падчас транспарціроўкі Цімі знаходзіцца ў плавучым доку, дзе ён ляжыць на ложы з пяску і можа рухацца, але сеткі не даюць яму пакінуць гэтую тэрыторыю.
Гарбаты кіт з пачатку сакавіка знаходзіцца ў Балтыйскім моры, куды такія кіты звычайна не заплываюць. Ён некалькі разоў засядаў на мелкаводдзі, а амаль увесь красавік правёў недалёка ад вострава Пёль.
За гісторыяй Цімі сачыла ўся Германія і не толькі. На кіта ўсталююць GPS-датчык, каб не згубіць яго зноў, калі ён вернецца ў адкрытае мора.