Ціханоўская заклікала Эстонію праводзіць розніцу паміж беларусамі і расіянамі
Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы са спікерам парламента Эстоніі Лаўры Хусарам заклікала гэту краіну змякчыць абмежавальныя меры ў дачыненні да беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Лаўры Хусарам. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Сустрэча адбылася ў Харватыі на палях саміту «Ініцыятывы трох мораў». Паводле паведамлення прэс-службы Ціханоўскай, падчас яе яна
«падкрэсліла важнасць таго, каб у заканадаўчых ініцыятывах выразна адрознівалі беларусаў ад расіян — у тым ліку ў пытаннях маёмасных абмежаванняў, — і каб меры не закраналі беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым, пры гэтым захоўваючы і ўзмацняючы ціск супраць рэжыму».
Таксама Святлана Ціханоўская запрасіла эстонскага спікера наведаць Місію дэмакратычных сіл Беларусі ў Таліне.
Перад гэтым у Эстоніі ажывілася абмеркаванне магчымых паправак у заканадаўства, якія могуць увесці абмежаванні на набыццё нерухомасці для грамадзян Беларусі і Расіі без пастаяннага дазволу на жыхарства, а таксама для кампаній і асоб, звязаных з гэтымі краінамі.
Чытайце таксама:
Краіны Балтыі зноў не пусцяць Роберта Фіца на парад у Маскву праз сваю тэрыторыю
Ціханоўская абмеркавала з Наўседам праблемы ЕГУ і вызвалення палітзняволеных
Ціханоўская пра Пачобута: Ягоная стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для нас усіх