БЕЛ Ł РУС

Трамп прыгразіў вывесці частку войскаў з Германіі пасля крытыкі Мерцам вайны ў Іране

30.04.2026 / 09:57

Nashaniva.com

ЗША вывучаюць магчымасць скарачэння колькасці свайго ваеннага кантынгенту ў Германіі, заявіў Дональд Трамп. «Адпаведнае рашэнне будзе прынята ў бліжэйшы час», — напісаў кіраўнік Белага дома ў сацсетцы Truth Social.

Фота: AP Photo / Alex Brandon

У Германіі размешчаны найбуйнейшы кантынгент амерыканскіх войскаў у Еўропе — больш за 36 тысяч чалавек. Усяго ж на еўрапейскіх базах знаходзіцца крыху больш за 68 тысяч вайскоўцаў ЗША.

Раней высокапастаўлены чыноўнік Белага дома паведамляў Reuters, што Трамп абмяркоўваў магчымасць вываду часткі амерыканскіх войскаў з Еўропы, але канкрэтныя краіны не называліся.

Заява Трампа пра магчымы вывад амерыканскага кантынгенту з Германіі з’явілася пасля крытыкі Фрыдрыха Мерца вайны супраць Ірана. Паводле яго слоў, ваенны канфлікт мае «маштабныя наступствы для эканамічнай дзеяздольнасці» Германіі. Пры гэтым у Вашынгтона няма «стратэгіі выхаду» з яго, а падчас перамоваў з Тэгеранам амерыканскі бок «зневажаецца».

У адказ Трамп напісаў, што канцлер Германіі «не разумее, пра што гаворыць», калі лічыць дапушчальным з’яўленне ядзернай зброі ў Ірана.

«Я зараз раблю ў дачыненні да Ірана тое, што іншыя краіны або прэзідэнты павінны былі зрабіць ужо даўно. Нядзіўна, што Германія так дрэнна спраўляецца ў эканоміцы і ў цэлым», — адзначыў кіраўнік Белага дома.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула