БЕЛ Ł РУС

Малады смаргонскі шчыпач звольніўся з «Кранаспана» і паехаў штурмаваць Купянск — цяпер маці шукае, як атрымаць магільныя

30.04.2026 / 13:59

Nashaniva.com

Ведаючы звычкі Сяргея Іванова, у роднай Смаргоні на нармальную працу яго не бралі. Але менеджменту аўстрыйскага «Кранаспана» было ўсё роўна — вялікія драўляныя панэлі не ўвалачэш, можна браць грузчыкам. У 2023 годзе аўстрыйцы сышлі з Беларусі, а малады беларус паехаў шукаць шчасця ў Расію і ўрэшце загінуў пад Купянскам.

«Нашай Ніве» стала вядома пра яшчэ аднаго маладога беларуса, які нарадзіўся на захадзе краіны — у Смаргоні, — але выбраў няправільную стратэгію жыцця і ў выніку скончыў яго далёка на ўсходзе, штурмуючы пазіцыі ўкраінцаў пад Купянскам.

Гэта Сяргей Іваноў, яму 32 гады. Рэпутацыя ў горадзе сярод равеснікаў — адмоўная. Кажуць, краў з дзяцінства. Калі скраў першы раз, вызначыць немагчыма, але вось калі першы раз трапіўся — можна.

Сяргей Іваноў. Фота тут і далей з яго сацсетак

Паводле дадзеных Belpol, першую крыміналку на Сяргея завялі ў 2017 годзе, па заяве сабутэльніц.

Дзве работніцы аўтаагрэгатнага завода ласкава запрасілі Іванова ў свой пакой рабочага інтэрната «для сумеснага распіцця спіртных напояў». Калі дзяўчаты расслабіліся і страцілі пільнасць, Сяргей зрабіў што? Сцягнуў з сумачкі адной з іх 100 рублёў. 

Наступны раз Сяргея злавілі ў 2019‑м на тым, што ён забраў чужы ровар з-пад прадуктовай крамы ў цэнтры горада — гаспадар у гэты час закупляўся ўнутры. Доўга шукаць злодзея ў невялікай Смаргоні не прыйшлося. 

Шкоду зноў ацанілі на тыя ж 100 рублёў, але для калоніі гэтага было малавата.

Менш чым праз год, у пачатку вясны 2020 года, Сяргей павысіў стаўкі — сарваў кавалкам арматуры замок з гаража ў двары шматкватэрнага дома. Адзінае каштоўнае, што аказалася ўнутры — набор старых інструментаў коштам 75 рублёў. Іванова зноў злавілі і зноў не пасадзілі, хоць старая судзімасць пагашаная не была.

На той момант яго ўжо выгналі з работы грузчыкам у дзяржаўным ЖКГ, бо — з аднаго боку — цалкам выйшаў з даверу, з іншага боку — таксама былі таямнічыя знікненні інструментаў.

Больш нікуды яго не бралі, але злітаваўся завод «Кранаспан», на якім робяць вялікія драўляныя панэлі, якія аднаму чалавеку не знесці і не прадаць. Узялі грузчыкам. 

Але Сяргей не пакідаў ідэі хутка разбагацець. Са сваіх крымінальных прыгодаў ён вынес галоўную выснову — нельга красці ў горадзе, бо ёсць сведкі і знойдуць. З гэтай думкай Сяргей знайшоў ідэальную ахвяру — дом на хутары Чорны Бор, у якім ніхто не жыў. Стаўка сапраўды сыграла.

Улезшы ў хату, Іваноў вынес адтуль 9000 даляраў, 700 еўра, 2 550 беларускіх рублёў. Мяркуючы па выпісцы з базы ФСАН, гэта былі самыя вялікія грошы ў жыцці Іванова. 

Але радаваўся ён нядоўга — яго зноў злавілі, прыйшлося аддаваць.

Што адбывалася ў жыцці Іванова з лета 2021, мы не ведаем. 

Але факт — у пачатку 2024 года яго ўжо пачалі публічна шукаць сваякі. Гісторыя была быццам бы ў тым, што Іваноў збіраўся вяртацца на радзіму. Чым займаўся ў Расіі — невядома. 

Так ці іначай, у 2025‑м годзе Сяргей усплыў у расійскай першай танкавай арміі (в/ч 61899, 27 АМСБР). Скідваў сваякам і знаёмым свае фота ў ваеннай форме. Але доўга не ваяваў — 5 кастрычніка 2025 года пайшоў на штурм у раёне Купянска, пасля чаго на сувязь не выходзіў.

Што з ім здарылася можна зразумець па інтарэсах маці Сяргея, Ніны, у сацыяльных сетках: ва «УКантакце» яна часцей за ўсё наведвае кансультатыўную суполку па атрыманні магільных выплат за загінулых мужыкоў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула