Былога міліцыянера асудзілі за жаданне ваяваць у Палку Каліноўскага. Пагражала да 15 гадоў калоніі
30‑гадовага мінчука Івана Воінава, які ў мінулым быў міліцыянерам, кінулі за краты па абвінавачанні ў сувязі з Палком Каліноўскага. Яго вінавацілі адразу па трох цяжкіх крымінальных артыкулах.
Іван Войнаў. Фота: Укантакце
Івану Воінаву 30 гадоў. У 2011 годзе ён пайшоў на сваю першую працу — у гаспадарку «Голацк» у Пухавіцкім раёне. Пасля перайшоў на МТЗ.
Па звестках Belpol, з 2014 да 2017 года Воінаў працаваў у Заводскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС у Мінску. Мужчына прайшоў шлях ад курсанта да сяржанта міліцыі групы затрымання, але ў выніку быў звольнены з фармулёўкай «за сістэматычнае невыкананне ўмоў кантракта». Пазней Іван вярнуўся на Мінскі трактарны завод.
Па звестках праваабаронцаў, арыштавалі былога сілавіка прыкладна ў жніўні 2025 года. Спачатку Воінава ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а пасля перавялі ў мінскае СІЗА-1. Пераслед мужчыны звязаны з ягонымі імавернымі планамі далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Воінава судзілі ў Мінскім гарадскім судзе. Фармулёўкі абвінавачвання сведчаць пра тое, што далучыцца да Палка Каліноўскага ён не паспеў: яго асудзілі за падрыхтоўку да найміцтва (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3), падрыхтоўку да ўдзелу ў тэрарыстычнай арганізацыі (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 290-5) і замаху на здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 356).
Івану пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі. Дакладны тэрмін зняволення Воінава пакуль застаецца невядомым. Цяпер ён знаходзіцца ў калоніі.
Чытайце таксама:
Бацьку дваіх дзяцей з Нясвіжа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Айцішніцы далі тры гады па справе Гаюна. Яна жыла ў Вільні, але перыядычна ездзіла на радзіму
Настаўніцу-дэфектолага з-пад Мінска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»