Як «панаехаўшы» расіянін скарыў у інстаграме беларусаў. Яго лайкнула нават пазашлюбная дачка Лукашэнкі
Пост паглядзелі за суткі больш за мільён разоў.
Расіянін, які жыве на некалькі гарадоў, у тым ліку і ў Мінску, апублікаваў гумарыстычны пост, у якім здолеў паказаць сябе сваім хлопцам. Беларусы, якія звычайна не хаваюць у сацсетках абурэння паводзінамі прыезджых расіян і просяць тых альбо паводзіць сябе больш паважліва, альбо не прыязджаць наогул, гэтым разам пахвалілі блогера.
Расійскі рэжысёр Мікіта Янушпольскі апублікаваў жартаўлівы аповед пра тое, як пасля атрымання дазволу на жыхарства ў Беларусі ён сам пакрысе становіцца ў нечым беларусам. Перайшоўшы на трасянку, ён наогул дадае, што яго сябрам з Расіі няма чаго тут рабіць — «Беларусь не гумовая!»
«А я вот в Беларусь переехал — карточки Visa на работе получил, интернетом без VPN пользуюсь.
И московские друзья меня спрашивают: «А как бы и нам так сделать? Мы тоже хотим»…
И я сначала говорю: «Ребята, конечно, приезжайте, чем смогу — помогу».
А вчера регистрацию получил и думаю: «Бач! Няма чаго вам тут рабіць, нахлебнікі. Беларусь не гумовая!»
Іронія над маскоўскім снабісцкім выразам «Масква не гумовая», «люстэркавая» сітуацыя, дзе ўжо масквіч едзе за «лепшым жыццём» у Мінск, а таксама трасянка і пачуццё гумару зрабілі сваю справу.
Вынік — больш за мільён праглядаў і больш за 30 тысяч лайкаў, сярод якіх і падабайка ад Крысціны Моцнай — пазашлюбнай дачкі Аляксандра Лукашэнкі.
Каментатары стрымана хваляць расіяніна.
«Ты на верным шляху. Тым, хто паважае краіну, парадак і культуру, тут заўсёды рады. Незалежна ад нацыянальнасці».
«Трасянка. Прыйдзе час — зусім абеларусіцца».
«Патрэбны яшчэ тэст на «шчучыншчыну».
«Здаровая рэакцыя! Жыць і нават прыязджаць у госці трэба з павагай».
«Няма розніцы, на якой мове і як размаўляе АДЭКВАТНЫ чалавек».
«Я працую на фуры, аб’ездзіў усе краіны СНД, і Беларусь — самая крутая краіна!!!»