БЕЛ Ł РУС

З прыходам цяпла пачасціліся прыродныя пажары

3.05.2026 / 09:21

Nashaniva.com

Паводле звестак МНС, у апошнія дні ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі зафіксаваныя ўзгаранні ў лясах, а таксама пажары сухой травы і кустоўя.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

У Гомельскай вобласці за апошнія суткі ліквідавалі два лясныя пажары ў Жыткавіцкім і Чачэрскім раёнах. Агульная плошча ўзгарання склала 0,08 гектара. Агонь удалося патушыць без выкарыстання тэхнікі МНС.

Таксама ў вобласці зафіксавалі чатыры пажары сухой травы і кустоўя ў Добрушскім, Жлобінскім, Мазырскім і Рагачоўскім раёнах. Агульная плошча гэтых узгаранняў склала 0,3507 гектара.

У Гродзенскай вобласці супрацоўнікі МНС 15 разоў выязджалі на тушэнне сухой расліннасці і яшчэ тры разы — на лясныя пажары. У выніку прыродны агонь пашкодзіў 13,04 гектара тэрыторыі.

У Магілёўскай вобласці ратавальнікі сем разоў тушылі ўзгаранне сухой расліннасці.

Цяпер у Беларусі амаль паўсюдна дзейнічаюць абмежаванні на наведванне лясоў. Без абмежаванняў лясы адкрытыя толькі ў сямі раёнах Магілёўскай вобласці: Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім, Краснапольскім, Клімавіцкім, Касцюковіцкім і Хоцімскім.

Поўная забарона на наведванне лясоў уведзена ў трох заходніх раёнах краіны: Свіслацкім, Бераставіцкім і Ваўкавыскім.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула