БЕЛ Ł РУС

Працы мастака з Наваполацка не ўзялі на выставу Art Minsk. Ён прыйшоў на адкрыццё ў касцюме клоўна і стаў галоўнай зоркай

4.05.2026 / 13:18

Арына Жураўская

Мастак Генадзь Дук зладзіў перформанс на адкрыцці выставы ў сталіцы. Наведвальнікам страшна спадабалася.

Генадзь Дук. Скрыншот відэа ў інстаграме

Генадзь Дук — гэта малады мастак з Наваполацка, які цяпер жыве і працуе ў Мінску. Раней эксперыментаваў з музыкай і анімацыяй, пісаў невялікія апавяданні — шукаў свой стыль. Па адукацыі ён культуролаг — скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў горада Мінска.

Генадзь паспяхова ўдзельнічаў у розных выставах. Напрыклад, у 2024 годзе ён атрымаў першае месца на «Восеньскім салоне» ў намінацыі «Лічбавае мастацтва і калаж».

На Art Minsk Генадзь таксама раней выстаўляўся — тры разы, два з якіх быў сярод пераможцаў. Але сёлета працы мастака адмовіліся прымаць.

Сам аўтар у сацсетках выказвае здагадку, што звязана гэта ўсё з леташнім канфліктам: «Пасля «Восеньскага салона 2025» у мяне склаліся нацягнутыя адносіны з арганізатарамі (мае працы пашкодзілі падчас мантажу). На гэты раз мяне проста праігнаравалі і вырашылі, відаць, не звязвацца. Падазраю, што асноўны крытэрый адбору — гэта асабістая сімпатыя да самога мастака і яго здольнасць да ліслівасці».

Адна з прац, якая не трапіла на Art Minsk, — гэта «Самоwar»: карціна мужчынскага цела з самаварам замест галавы, з краніка якога цячэ кроў. Дапаўняе працу верш:

«И где-то солнце, небо — голубой,
А в самоwar-е тихий бой.
Скажи мне, boy, што там за бой?
— Ты не утянешь за собой?
Где нету солнца, неба —
голубой…»

Мірыцца з такім рашэннем Генадзь не стаў. Ён зладзіў перформанс на адкрыцці Art Minsk — прыйшоў, адзеты як клоўн.

На спіну Генадзь прымацаваў сваю іншую працу — на карціне сумны клоўн, падобны да Марачка з «Вёскі дуракоў», нясе крыж. Як тлумачыць аўтар, у яе аснове разважанні наконт таго, што мастацтва — гэта праклён і цяжкая ноша, асабліва калі мастак знаходзіцца не ў тым месцы і не ў той час.

На шыю мастак павесіў высушаную рыбу з надпісам «Ежа для розуму». На адваротным баку напісана: «І падумаць гэтая рыба не магла, што будзе ўжытая такім перакручаным чынам: стане нечым меншым, чым рыба, і нечым большым, чым смерць, — стане арт-аб'ектам на пацеху крыўляк. Прабач, што не з'еў».

У рукі Генадзь узяў вядро, дзе былі мініяцюрныя паштоўкі з яго працамі — іх ён раздаваў людзям.

І вось у такім эпатажным выглядзе пайшоў гуляць па выставе. Мяркуючы па відэа, якімі людзі дзеляцца ў сацыяльных сетках, пакрыўджаны мастак стаў галоўным экспанатам. Вакол яго заўсёды было шмат людзей, якія хацелі сфатаграфавацца разам.

Адна з наведвальніц падзялілася ў Threads: калі б кожны, хто хацеў сфатаграфавацца з Генадзем, кінуў грошы ў яго вядро, дык мастак бы атрымаў больш, чым каштуюць дзве яго забракаваныя працы.

Нагадаем: у 2022 годзе ўлады ўпершыню зачысцілі Art Minsk ад мастакоў, якіх пасля пратэстаў 2020 года палічылі «ненадзейнымі». Тады амаль у апошні момант перад урачыстым адкрыццём выставы з Палаца мастацтваў у Мінску тэрмінова выносілі работы мастакоў — пад каток цэнзуры трапілі некалькі дзясяткаў творцаў.

На выставе ў 2024 годзе нават «Міс Беларусь» Элеанора Качалоўская адзначыла, што ёй было сумна праз пустэчу і невялікую колькасць цікавых прац.

Чытайце таксама:

У Палацы мастацтва — ажыятаж. Што так зацікавіла сотні мінчукоў

Улады так зачысцілі выставу «Арт-Мінск», што нават лукашэнкаўцам не падабаецца

«Працы знялі па патрабаванні чыноўнікаў Мінкульта». Са стратамі ад цэнзуры ў Мінску адкрыўся фестываль «Арт-Мінск»

Каментары да артыкула