БЕЛ Ł РУС

Пашпарты, дамовы, фота. Што з архіва Рады БНР перадалі Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане

4.05.2026 / 14:55

Nashaniva.com

Радыё Свабода пагутарыла з беларусам, датычным да працы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане, дзе захоўваецца частка архіва БНР, якая сёлета трапіла ў яе фонды.

Дзеячы Рады БНР Мікола Абрамчык і Лявон Рыдлеўскі

Сёлета фонды Скарынаўскай бібліятэкі папоўніліся новымі дакументамі з архіва былога старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка і вядомага дзеяча беларускага руху Лявона Рыдлеўскага. Мяркуецца, што гэтыя дакументы папоўняць архіў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які пачаў складацца з дакументаў яшчэ ад 1918 года.

Пра новыя дакументы і пра тое, як іх удалося знайсці, расказаў Свабодзе беларус Ігар, сябра Апякунскай рады Скарынаўскай бібліятэкі.

Фатаздымак беларускіх студэнтаў, якія вучыліся ў Чэхаславакіі ў 1921—1929 гадах

«Адразу хачу падкрэсліць, што нельга гаварыць пра знаходку ўсяго архіва Міколы Абрамчыка, сляды якога згубіліся пасля 1970 года ў Францыі, дзе памёр былы старшыня Рады БНР. Пакуль варта казаць толькі пра частку яго архіва, якая складаецца з арганізацыйных і прыватных дакументаў.

Другая частка знаходкі, пра якую ўжо магу сказаць, — гэта дакументы з архіва Лявона Рыдлеўскага, вядомага дзеяча беларускай эміграцыі. Гэтыя дакументы — таксама вельмі цікавыя і важныя сведчанні эпохі», — сказаў Ігар.

Паводле суразмоўцы, знайсці дакументы, у тым ліку прыватныя дакументы Міколы Абрамчыка і Лявона Рыдлеўскага, удалося дзякуючы шчасліваму збегу абставін.

«Шмат гадоў багата людзей шукалі архіў Міколы, а цяперашняму поспеху дапамог шчаслівы выпадак. Адзін расійскі калекцыянер знайшоў у Парыжы ў антыкварыяце скрыні з нераспазнанымі дакументамі, агледзеў іх, палічыў істотнымі і звязаўся з намі. А ўжо тады Рада БНР і Бібліятэка сумесна іх выкупілі. За колькі? Не за астранамічныя грошы, але скажу гэтак: за суму, якая таго вартая. Цяпер ёсць дамова з Радай БНР, што дакументы перадаюцца ў Бібліятэку і будуць там вывучацца. Паводле дамовы, паступова будзе абнародавацца інфармацыя, якія гэта дакументы», — расказаў сябра Апякунскай рады Скарынаўкі.

Ігар даслаў Свабодзе фатаздымкі некаторых ужо вывучаных дакументаў з каментарыямі да іх.

«Што магу назваць ужо цяпер? Вось беларускі арыгінал «Умовы» паміж урадам БНР і ўрадам Літоўскай Рэспублікі, заключанай у Коўне, дзе тады была сталіца Літвы.

«Умова» паміж урадамі БНР і Літвы

Сярод іншага, у дакуменце ёсць вельмі важны пункт аб тым, што «урады ўзаемна абавязваюцца падтрымліваць адзін аднаго перад урадамі замежных дзяржаў». З беларускага боку дакумент падпісалі Вацлаў Ластоўскі і Язэп Варонка, ён датаваны 11 лістапада 1920 года. Яшчэ сярод цікавых дакументаў — некалькі дыпламатычных пашпартоў, выдадзеных урадам БНР, у тым ліку пашпарт прадстаўніка БНР ва Украіне Аляксандра Галавінскага, выдадзены ў Гродне і дзейны да 1919 года. Тады з падобнымі дакументамі можна было ездзіць па краінах Еўропы. Альбо яшчэ цікавы дакумент — фатаздымак беларусаў, якія вучыліся ў Празе і іншых гарадах Чэхаславакіі ў міжваенны перыяд. Ён падпісаны як фатаздымак студэнтаў, але там шмат людзей і сярэдняга веку. Здзіўляе тое, як шмат беларусаў атрымлівалі ў тагачаснай Чэхаславакіі адукацыю.

«Умова» паміж урадамі БНР і Літвы

Яшчэ адна багатая частка калекцыі — архівы Лявона Рыдлеўскага, і тут таксама ёсць вельмі цікавыя знаходкі. Прыкладам, перапіска Лявона Рыдлеўскага з ягонай дзяўчынай, якая была з Заходняй Беларусі. Гаворка пра пачатак 1930‑х гадоў. Перапіска вельмі кранальная. Палітыкі там няма, толькі чалавечыя адносіны. Але вельмі кранальныя лісты, мне здаецца, у сённяшні час такія дакументы варта паказваць людзям.

Што яшчэ? Пэўныя асабістыя паперы самога Міколы Абрамчыка: ягоныя школьныя атэстаты, ягоныя дакументы часоў жыцця ў Празе. Гэта з ягонага асабістага архіва, акрамя арганізацыйных дакументаў, датычных БНР», — расказаў Ігар.

Паводле суразмоўцы, працаўнікі Скарынаўкі не маюць сумневу, што новыя дакументы належаць да архіва Міколы Абрамчыка. Што да астатняй часткі архіва, то шанцы іх знайсці актывісты лічаць дастаткова вялікімі.

Пашпарт часоў БНР

«Каб знайсці астатнюю частку архіва Міколы Абрамчыка, якая засталася ў ягонай жонкі Ніны Абрамчык, трэба працягваць пошукі. Так, па яе смерці гэтыя архівы з далягляду зніклі, але тое, што цяпер частка знайшлася, дае спадзеў, што гэтаксама можа знайсціся і астатняя частка, архіў можа быць дзе заўгодна», — мяркуе беларус Ігар.

Мікола Абрамчык (1903—1970) — адна з ключавых постацей беларускага пасляваеннага незалежніцкага руху. Менавіта ён у 1947 годзе афіцыйна аднавіў дзейнасць Рады БНР на эміграцыі і ўзначальваў яе да самай сваёй смерці ў Францыі. Дакументы дзяржаўнага архіва БНР трапілі да яго яшчэ ў разгар Другой сусветнай вайны. 6 сакавіка 1943 года ў Празе смяротна хворы прэзідэнт Рады БНР Васіль Захарка склаў тэстамент, якім перадаў свае паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку, а пасаду сакратара — паэтцы Ларысе Геніюш.

Лявон Рыдлеўскі (1903—1953) — удзельнік Слуцкага збройнага чыну і антынацысцкага партызанскага руху «Макі» ў Францыі, дзеяч беларускіх арганізацыяў у Францыі і БНР.

Пасля смерці Міколы Абрамчыка ў 1970 годзе, рашэннем Рады БНР дакументы Рады з яго архіва мусілі быць перададзеныя на захаванне і для даследавання ў Бібліятэку імя Ф. Скарыны, аднак да 2025 года апынуліся па-за валоданнем Рады БНР.

«Цяпер, пасля аднаўлення ўласнасці Рады БНР над гэтымі дакументамі, было пагаджана, што Рада БНР перадае Архіў Міколы Абрамчыка на захаванне і выкарыстанне Беларускай бібліятэцы ім. Ф. Скарыны да часу складання гістарычнага мандата Рады БНР адпаведна Статуту Рады БНР і прыняцця супольнага рашэння аб далейшым юрыдычным лёсе Архіва. Пасля папярэдняй інвентарызацыі Архіва ён стане даступны даследчыкам у блізкім часе», — напісала Рада БНР на сваёй старонцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула