БЕЛ Ł РУС

Памятаеце жанчыну, якую падманулі расійскія турысты? Кампанія, якая тут ні пры чым, прапанавала ёй кампенсацыю

5.05.2026 / 10:56

Максім Сыраежка

Гісторыя пра непрыемны досвед здачы кватэры ў арэнду маладой сям’і з Расіі выклікала шквал каментарыяў. Многія расіяне папрасілі прабачэння за сваіх землякоў, а адна кампанія вырашыла пайсці далей і прапанавала пацярпелай гаспадыні кампенсацыю.

Кватэра Дар'і. Фота з Threads

Некалькі дзён таму беларуска Дар’я расказала пра сумны досвед арэнды кватэры ў Магілёве. Маладая сям’я з Расіі адмяніла браніраванне напярэдадні заезду, але насамрэч скарысталася жыллём: гаспадыня паспела выслаць ім інструкцыю, як трапіць у памяшканне, і госці цішком пражылі там суткі.

Пад адпаведным ролікам у TikTok найбольш папулярным стаў каментарый, які паказвае, што беларусы не маюць ілюзій наконт маральных якасцей расіян: «Нехта здзіўлены?»

І такі водгук далёка не адзіны.

«Вы яшчэ здзіўляецеся?», «Я нават не здзіўлены», «Я ні капелькі не здзіўлены», «Чэсна, не здзіўлены», «Увогуле не здзівіла», — пішуць беларусы.

«А потым дзівяцца: «А чаго нам не радыя?», «Ад расіян ні кроплі не здзіўленая: чым больш сутыкаюся па працы з расіянамі, тым больш люблю нашых беларусаў», «А потым пытанні, чаму беларусы незычлівыя да рускіх», — дадаюць іншыя карыстальнікі.

«Знаёмцеся: «братэрскі народ, які трэба любіць, прымаць і паважаць»», «Яны браты і сёстры, любіце іх», — з іроніяй заўважаюць гледачы.

«З такімі сваякамі лепш быць сіратой», — адказваюць ім у каментарыях.

«Не трэба па адной сям’і судзіць пра ўсю краіну. Дрэнныя людзі ёсць у кожнай дзяржаве», — парыруе іншы глядач.

Другой па папулярнасці стала заўвага: «Навошта адпраўляць інструкцыю, пакуль няма аплаты?»

Асобныя карыстальнікі звяртаюць увагу на тое, што такое пранікненне ў кватэру можа цягнуць на крымінальны артыкул.

Разам з тым знайшліся і тыя, хто палічыў патрэбным папрасіць прабачэння за паводзіны сваіх землякоў.

«Многія рускія не паважаюць беларусаў. Я быў у Мінску і разумею, што Беларусь цудоўная, а беларусы — культурныя людзі. Павагі да іх больш, чым да землякоў», — заўважае яшчэ адзін карыстальнік.

Нечаканы паварот у гісторыі адбыўся, калі кампанія, якая гандлюе ў інтэрнэце падсанкцыйнай тэхнікай, публічна прапанавала кампенсаваць нанесеную беларусцы шкоду:

«Наша кампанія не мае ніякага дачынення да гэтай сітуацыі. Але мы вельмі спачуваем беларусцы, якая сутыкнулася з такой непавагай. Мы гатовыя кампенсаваць ёй страты. Для гэтага ёй дастаткова проста звязацца з намі. Дапаможам аднавіць справядлівасць».

Чытайце таксама:

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі

«Мне быццам нас*алі ў кубак, а потым затушылі туды недакуркі»: расіянка раскрытыкавала мінскі аэрапорт

«Мы думалі, Мінск — калгасны горад». Расіянка шчыра здзівілася, чаму адграбла ў тыктоку ад беларусаў

Каментары да артыкула