БЕЛ Ł РУС

У Расіі павесілі банер «З Днём Попеды!»

5.05.2026 / 08:24

Nashaniva.com

Смешны выпадак зафіксаваны ў горадзе Пыць-Ях у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.

Фота: 86.ru

У горадзе напярэдадні 81‑й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне заўважылі дзіўны банер. «З Днём Попеды!», — гаворыцца ў надпісе на расцяжцы, піша мясцовае выданне 86.ru.

Банер павесілі на будынку мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў. Яна знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада, недалёка ад плошчы.

Кіраўнік горада Сяргей Елішаў у размове з выданнем «Пад’ём» патлумачыў з’яўленне плаката тым, што падрадчык «праявіў самастойнасць» і не ўзгадніў з уладамі ўсе этапы стварэння і размяшчэння расцяжак да 9 Мая.

«Мы разглядаем гэта як дыверсію, бо ён ужо неаднаразова быў заўважаны. Аўкцыён свабодны, іншых на арэне няма, і вось ён стаў пераможцам — мы абавязаныя заключыць кантракт, хоць разумеем, што ён не зусім пісьменны і не вельмі абавязковы», — сказаў Елішаў.

Ён запэўніў, што плакат з памылкай правісеў толькі каля 10 хвілін, пасля чаго яго замянілі іншым, а падрадчыка прымусілі папрасіць прабачэння ў сацыяльных сетках.

Год таму ў Пыць-Яху адбылася падобная сітуацыя. Тады на адным з дамоў насупраць адміністрацыі з’явіўся патрыятычны банер з амерыканскім верталётам. У памылцы абвінавацілі падрадчыка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула