БЕЛ Ł РУС

«У гэты дзень не спала ўся краіна». У Докшыцах з помпай адкрылі аўтамыйню

5.05.2026 / 08:50

Nashaniva.com

Відэа з урачыстым адкрыццём аўтамыйні самаабслугоўвання ў Докшыцах абляцела сацсеткі. У каментарах жартуюць пра «новую дату ў гісторыі краіны».

TikTok-акаўнт Докшыцкага раённага выдання «Родныя вытокі» апублікаваў ролік, у якім паказаў урачыстае адкрыццё аўтамыйкі самаабслугоўвання ў горадзе. Яно выклікала бурную рэакцыю ў карыстальнікаў, заўважыла BGmedia. 

Аўтамыйня «Аліта» была адкрытая 1 мая. З нагоды яе адкрыцця ў горадзе зладзілі святочную падзею. Каля новага месца маладзёны стварылі сапраўднае шоу: з танцамі і гучнай музыкай, прадэманстраваўшы навыкі харэаграфіі. «Імпрэзу» наведалі сем’і з дзецьмі — не абышлося і без афіцыйных асоб, што працуюць у мясцовым райвыканкаме.

Як на ролік адрэагавалі ў сацсетках

Відэаролік па-сапраўднаму «завірусіўся» ў TikTok: ён набраў больш за 123 тысячы падабаек, а таксама 1.7 мільён праглядаў — незвычайна добры вынік для раённага медыя.

Аднак, зыходзячы з каментароў пад ролікам, многія карыстальнікі палічылі «імпрэзу» смешнай і несур’ёзнай.

На меркаванне некаторых людзей, сітуацыя выглядае абсурднай: яны не маглі стрымаць сваёй іроніі.

«Зноў новую дату ў гісторыі вучыць».

«У гэты дзень не спала ўся краіна».

«Пачалася ў калгасе раніца».

«А дзе Лукашэнка?»

«Святкаваць звычайную аўтамыйню? Гэта ж дзе трэба жыць што б такое святкаваць».

«Гэта ж што будзе падчас адкрыцця звычайнай лавачкі?»

Іншыя каментатары пажартавалі, што гэтая ўрачыстасць — падрыхтоўка для канцэртаў сусветных зорак, такіх як Трэвіс Скот, Джасцін Бібер ці Канье Уэст і іншых.

«А чаму Чарлі xcx не паклікалі, мінулым разам добра ж выступіла».

«Гэта разагрэў перад Трэвісам».

«Джасцін Бібер пазней пад’едзе».

«Канье выступае наступным».

«50 cent мусіў яшчэ прыехаць!».

Знайшліся і тыя, хто задумаўся пра будучыню такіх прадпрыемстваў:

«Аўматыйня закрыецца праз паўгода з-за стратнасці».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула