БЕЛ Ł РУС

У Оршы знік мурал з Уладзімірам Караткевічам

5.05.2026 / 13:47

Nashaniva.com

Дом пайшоў пад рэнавацыю, мурал накрылі цеплаізаляцыяй. 

Адна з галоўных сучасных славутасцяў Оршы — маштабны мурал, створаны да 90-годдзя славутага земляка Уладзіміра Караткевіча — знік са сцяны дома №2 па вуліцы Марата. Партрэт пісьменніка апынуўся пахаваным пад пластом цеплаізаляцыі, піша «Віцебская Вясна». 

Мурал быў створаны мясцовым мастаком Дзмітрыем Талкачовым і ўрачыста адкрыты ў лістападзе 2020 года да юбілею класіка. Гэта быў не проста партрэт: кампазіцыя ўключала фрагменты рукапісаў Караткевіча, ягоныя фірмовыя малюнкі на палях і радкі верша «Орша», прысвечанага роднаму гораду.

Месца было абрана сімвалічнае — сцяна дома выходзіць акурат на вуліцу, якая носіць імя пісьменніка.

За кароткі час мурал стаў папулярным турыстычным аб’ектам і пунктам прыцягнення для аматараў беларускай літаратуры.

Цяпер дом паставілі на рэнавацыю: тут уцяпляюць сцены, і партрэт Уладзіміра Сямёнавіча знік пад накладнымі будматэрыяламі.

Ці будзе мурал адноўлены, невядома. Афіцыйных каментароў з гэтай нагоды не было.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула