Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі
Нягледзячы на імклівы рост цэн на нерухомасць, у Беларусі ўсё яшчэ можна набыць дом з участкам зямлі ўсяго за адну базавую (45 рублёў). Беларуска пацікавілася ў Threads, ці ёсць у гэтым нейкія падводныя камяні. Вось што ёй адказалі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Дадатковыя патрабаванні — ці ёсць яны?
Большасць каментатараў ставяцца да такой ідэі скептычна перш за ўсё праз тое, што за такую суму прадаюць толькі закінутыя дамы ў богам забытых мясцінах, дзе ёсць праблемы з камунікацыямі і да цывілізацыі вельмі далёка.
Некаторыя спасылаюцца на тое, што з часам такі дом нібыта могуць адабраць, калі хутка не ўзвесці новы, або, яшчэ горш, адбяруць праз тое, што знойдзецца стары ўласнік і высветліцца, што дом адабралі памылкова.
Тым не менш ёсць і тыя, хто наважыўся набыць сабе дом за базавую і не шкадуе.
«Я так купіла дом, усё ок. Участак да яго — 20,5 соткі. Аплаціла 40 рублёў за дом. За абмер участка — 214 рублі, за дакументы ў БТІ — 107 рублёў», — падзялілася дзяўчына, якая набыла дом за базавую ў 2024 годзе.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Пад яе каментаром з'явілася шмат удакладняльных пытанняў: ці можна пасля без абмежаванняў прадаць дом, ці няма нейкага тэрміну, цягам якога дом абавязкова трэба ўвесці ў эксплуатацыю.
На гэта яна адказала, што не атрымала ніякіх дадатковых патрабаванняў, і толькі адзначыла: трэба, каб участак быў у парадку, а калі дом пад знос, тады вы абавязаны яго знесці самі.
Іншая каментатарка, якая мінулай восенню таксама набыла дом з 25 соткамі за базавую, напісала, што ім сказалі ў сельсавеце: галоўнае — прыбраць кусты і дрэвы і касіць траву, каб было відаць, што ўчасткам карыстаюцца.
«Калі будуць бачыць, што яго даглядаюць, то няма ніякіх жорсткіх патрабаванняў. Галоўнае, каб не зарастаў. Патрабаванне адно — дагледжаны ўчастак, каб не атрымаць штраф. Так што не так усё страшна, як пішуць», — запэўнівае яна.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што да камунікацый, то ў вёсцы, дзе жанчына набыла дом за базавую, па вуліцы ідзе цэнтральны водаправод (трэба ўрэзку рабіць), электрычнасць — новыя сеткі, але таксама трэба падключаць.
Абмер участка — самая дарагая працэдура пры афармленні
Пры гэтым у спісе выдаткаў яшчэ пазначаюць такую рэч, як абмер участка, які ў ІП можа каштаваць 450—600 рублёў, таму, калі часу і жадання чакаць дзяржаўнага абмершчыка няма, трэба рыхтавацца да такіх адносна вялікіх выдаткаў.
Таксама адзначаюць, што такія дамы прадаюцца без адпаведных дакументаў (пашпарта на дом), таму афармленне займае больш часу, чым пры звычайнай куплі-продажы нерухомасці.
Частка пакупнікоў адмаўляюцца ад дома
Адзін з каментатараў, які, з яго слоў, займаецца афармленнем дагавораў на такія дамы, адзначыў, што пасля куплі за базавую людзі нярэдка знікаюць, бо не хочуць плаціць больш, калі разумеюць, што адной базавай тут не абысціся.
«Займаюся афармленнем такіх аўкцыёнаў і дамоваў. А потым, пасля рэгістрацыі дагавора, гэтага пакупніка днём з агнём не знойдзеш. Даводзіцца аб'яўляць вышук па судзе. Таму што ў яго ў галаве была толькі 1 базавая пры куплі», — тлумачыць ён.
Ёсць сярод каментатараў і тыя, хто толькі глядзеў дамы, але да куплі не дайшло.
«Я глядзеў такі дом — адзін у лесе, вакол нікога. Да цывілізацыі толькі на аўто. Карацей, калі для душы — можна. Для жыцця — не», — піша мужчына і дадае, што ад падобных дамоў да буйных гарадоў, як правіла, 60—80 кіламетраў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Калі задавальняе месца і наяўнасць камунікацый — бярыце. Абавязацельствы як і ва ўсіх уласнікаў — утрымліваць у парадку тэрыторыю і дом. Не слухайце трызненне, у любым сельвыканкаме (на тэрыторыі якога знаходзіцца дом) вас пракансультуюць. Пустуючыя дамы прадаюць і ў жывых вёсках, дзе ёсць цывілізацыя, нармальная сувязь і нават газаправод», — дадае іншая каментатарка.
Большасць жа называе такія дамы жорсткім неліквідам, які настолькі нічога не варты, што яны не патрэбныя нават тым, хто атрымаў іх у спадчыну.
У адказ на такія аргументы многія адзначаюць, што разглядаюць куплю такога дома не для таго, каб там жыць на пастаянцы, а ў якасці лецішча. Іншыя прызнаюцца, што іх цікавяць такія варыянты выключна дзеля зямлі.