БЕЛ Ł РУС

Расійскія вярбоўшчыкі завабліваюць на вайну вакансіямі ў Беларусі

6.05.2026 / 11:18

Nashaniva.com

Вярбоўшчыкі завабліваюць мужчын на фронт, прапаноўваючы папрацаваць на неваенных пазіцыях. Гэта падман для прастакоў, піша «Можем объяснить». 

Расійскія рэкруцёры ўсё часцей выкарыстоўваюць маніпулятыўныя схемы і фэйкавыя вакансіі, абяцаючы мужчынам бяспечную працу ў тыле.

Сярод папулярных прынад нават вакансіі механікаў для працы ў Беларусі. Апісваюцца плюсы службы ў Саюзнай дзяржаве: «стабільная абстаноўка, развітая інфраструктура, блізкасць да дома». Пры гэтым ніжэй у гэтай жа аб'яве напісана, што месцам службы стануць «новыя тэрыторыі» Расіі.

Заробак — ад 240 тысяч расійскіх рублёў (больш за 3000 даляраў) у месяц плюс мільённыя бонусы за падпісанне кантракта. Часта такія прапановы адрасаваныя людзям з хранічнымі захворваннямі або судзімасцямі, якім абяцаюць статус ветэрана і спісанне даўгоў.

Аднак юрысты папярэджваюць, што падобныя абяцанні — гэта свядомы падман. Паводле расійскага заканадаўства, чалавек заключае кантракт не на канкрэтную пасаду, а на вайсковую службу ў цэлым. Гэта дазваляе камандаванню ў любы момант без згоды навабранца перавесці яго ў любое падраздзяленне па службовай неабходнасці.

Фактычна, пасля прыбыцця ў зону баявых дзеянняў амаль усе «тылавікі» трапляюць напрамую ў штурмавыя атрады.

Юрыдычнай магчымасці скасаваць кантракт або прыцягнуць вярбоўшчыкаў да адказнасці за ілжывыя абяцанні не існуе, бо любыя слоўныя дамоўленасці падчас вярбоўкі не маюць ніякай сілы перад статусам вайскоўца ў перыяд мабілізацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула