«Ужыў у сацсетках слова «калхазан». За што маглі асудзіць былога маладафронтаўца Яўгена Скочку
У мужчыны ў СІЗА ўзніклі праблемы са здароўем.
Былога намесніка старшыні «Маладога Фронту» Яўгена Скочку, які даўно адышоў ад палітыкі, асудзілі на тры гады зняволення. Паводле звестак «Вясны», Яўгена Скочку абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса), у «паклёпе» і «абразе Лукашэнкі» (арт. 367 і 368 КК), а таксама ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369‑1 КК).
З падрабязнасцей справы Яўгена Скочкі вядома хіба тое, што ў каментары ў сацыяльных сетках ён ужыў слова «калхазан» і аспрэчыў тое, што «Беларусь — прававая краіна».
Пасля суда, які адбыўся ў пачатку лютага, беларускія праваабаронцы прызналі Скочку палітвязнем.
Дасведчаная ў справах Яўгена Скочкі крыніца расказала «Радыё Свабода» пра ўмовы яго ўтрымання і настрой палітвязня.
«За паўгода СІЗА яму тройчы мянялі камеру, цяпер сядзіць у невялікай, на 10 чалавек. Казаў, што ягонае месца на верхнім ярусе і што там усе, хто наверсе, з жоўтымі біркамі, то бок палітычныя. Збольшага на ўмовы не скардзіўся, настрой у яго нармальны. Наракае толькі на турэмнае харчаванне, бо на некаторыя стравы ў яго алергія», — расказала крыніца.
Вярхоўны суд Беларусі ў красавіку пацвердзіў прысуд Яўгену. Гэта азначае, што неўзабаве з гомельскага СІЗА палітвязня перавядуць у калонію, але ў якую — пакуль не паведамілі.
Паводле крыніцы, галоўная праблема для Яўгена — тое, што яго стан можа пагоршыцца праз больш складаныя ўмовы ў калоніі.
«У яго павышаны ціск, паводле рэцэпту перадаюць адмысловыя лекі, і ён іх атрымлівае, гэта дакладна. Яшчэ ў яго нестабільнасць шыйных хрыбетнікаў, праз што таксама патрэбныя пэўныя медычныя захады — яму трэба насіць адмысловы «каўнер». У СІЗА гэта ўсё робіцца, але як будзе ў калоніі — невядома.
І зрок пагоршыўся. Шмат чытае, між тым асвятлення там недастаткова. Усё гэта разумее, але пры гэтым прасіў за яго асабліва не перажываць, казаў, што ўсё вытрывае, да ўсяго падрыхтаваны», — апавяла крыніца аб праблемах Яўгена Скочкі са здароўем.
Чым вядомы Яўген Скочка
У канцы 90‑х цягам некалькіх гадоў Яўгена Скочку выбіралі намеснікам старшыні «Маладога Фронту» — моладзевай грамадскай арганізацыі, якая была ў эпіцэнтры барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі і змагалася за захаванне незалежнасці Беларусі.
Тагачасны старшыня «Маладога Фронту» Павал Севярынец назваў Яўгена Скочку «вельмі харызматычным і крэатыўным палітыкам, з якім заўсёды было цікава працаваць побач».
Віктар Жагунь, Яўген Скочка і Уладзь Лабковіч, Менск, 1998 год
Гэта разам з ім на дзень Святога Валянціна мы ладзілі шэсці да еўрапейскіх амбасадаў, ён асабіста прыдумляў і праводзіў перформансы, пра якія нават расійская тэлевізія згадвала ў вячэрніх навінах. Вельмі крэатыўны, харызматычны. За адзін выпадак, калі незапланавана ўзарваўся пачак феерверкаў, на яго завялі крымінальную справу і асудзілі на год умоўна. Ён з'ехаў у Гомель, адкуль планаваў вярнуцца ў Мінск, але сустрэў там сваю палавінку, завёў сям’ю, пайшлі дзеці — і ён там застаўся», — расказаў пра Яўгена Скочку Павал Севярынец.
Палітык не ўзяўся вызначыць, чаму праз больш як 20 гадоў улады Беларусі згадалі пра былога маладафронтаўца і вырашылі пакараць яго пазбаўленнем волі.
«Калі ў 2000 годзе першы раз Скочку судзілі за тыя феерверкі, яшчэ бывала, што справы развальваліся праз недахоп доказаў. Цяпер такое немагчыма. Знойдуць непажаданы допіс у тэлефоне — і гэтага хопіць, каб кожнага адправіць за краты, а не тое што вядомага апазіцыянера», — мяркуе Павал Севярынец.
У кастрычніку 2026 Яўгену Скочку споўніцца 50 гадоў. Да арышту ён жыў з сям’ёй у Гомелі, займаўся прадпрымальніцтвам. У яго трое дзяцей.