БЕЛ Ł РУС

IVAN прадстаўляў Беларусь на «Еўрабачанні» голым і з ваўком. Дзе гэты хлопец праз 10 гадоў?

9.05.2026 / 16:14

Міра Нікановіч

У 2016‑м Саша Іваноў (IVAN) з Гомеля з’явіўся на сцэне «Еўрабачання» ў выглядзе аголенай галаграмы ды ў кампаніі з ваўком, а праз некалькі секунд распачаў выступ сапраўдным выццём. Што цяпер чуваць у самага эпатажнага беларуса на «Еўрабачанні»?

Фота: Eurovision Song Contest / Youtube

Іваноў выйграў нацыянальны адбор, у якім спаборнічаў з гуртам «Навібэнд» і будучай палітзняволенай Аляксандрай Захарык. Песню Help You Fly хлопцу напісалі чатыры аўтары, у тым ліку топавы расійскі прадзюсар Віктар Дробыш і амерыканская паэтка Мэры Сюзан Эплгейт, аўтарка слоў да культавага хіта 80‑х The Power of Love. 

Нумар хлопцу паставілі запамінальны. У першыя 20 секунд замест уласна Іванова на сцэне з’явілася яго аголеная галаграма ў кампаніі з галаграмай ваўка, і штучны IVAN распачаў выступ ваўчыным выццём. Далей на сцэну выйшаў сам хлопец — на шчасце, у адзенні, затое з размаляваным тварам. Спяваў ён усё гэтак жа з галаграмамі: гэта былі то ваўкі, то сам Іваноў, які граў на музычных інструментах.

Тэхнічнае шоу не дапамагло нават выйсці ў фінал, не кажучы пра высокае выніковае месца. IVAN стаў у сваім паўфінале 12‑м — усяго тады выступіла 18 краін.

Цяпер 31‑гадовы Саша Іваноў робіць кар’еру ў Маскве. У першыя гады пасля «Еўрабачання» ён паўдзельнічаў у некалькіх канцэртах, звязаных з Віктарам Дробышам. Выпускаў песні, якія так і не выбіліся ў хіты.

Справы трохі палепшалі ў 2023-м, калі IVAN прабіўся на расійскае шоу «Маска», што на НТВ, хаця і выступаў ён там у касцюме вусеня. У 2024‑м ён перамог у падобным шоу «Аватар», дзе на гэты раз выступаў у вобразе Страшыдлы.

Іваноў з жонкай і дачкой. Фота: sasha_ivanov_music / Instagram

У Маскве мужчына знайшоў і сваё каханне. Ён публікуе сямейныя фоты з Алінай Сухарукіх, папулярнай танцоркай і харэографкай, якая нарадзіла беларусу дачку.

Яшчэ з 2019‑га Іваноў удзельнічае ў канцэртах расійскага спевака Мікалая Наскова. IVAN дагэтуль звязаны з ім — сёлета, напрыклад, ён ужо чатыры разы выступіў у складзе афіцыйнага трыб'ют-шоу спевака, то-бок Іваноў ездзіць па Расіі і спявае песні Наскова.

Фота: sasha_ivanov_music / Instagram

Беларус выступаў і на акупаваных тэрыторыях Украіны, напрыклад, вясной 2022 года ён паўдзельнічаў у канцэрце ад «Рускага радыё» ў Луганску. Спяваў ён і ў шпіталі для параненых расійскіх вайскоўцаў. Вынік прадказальны — Іваноў знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі.

Чытайце таксама:

Аляксандр Рыбак заняў у нарвежскім адборы на «Еўрабачанне» другое месца

Румынскую песню для «Еўрабачання» раскрытыкавалі за «гламурызацыю сэксуальнага ўдушвання»

Выканаўца суперхіта «Шчучыншчына» Алена Зуй-Вайцяхоўская распавяла пра новую працу і змаганне з дэпрэсіяй

Каментары да артыкула