Беларускі фатограф у Польшчы шукае скрадзены Lexus
Фатограф з Гродна Сяргей Людкевіч, які цяпер жыве і працуе ў Варшаве, гатовы заплаціць каля 785 рублёў за інфармацыю пра лёс аўто. Кажа, што дапамагае знайсці машыну суседа. Але шанцаў знайсці машыну вельмі мала.
Фота: threads.com/@ludkevich.pro /facebook.com/sergeiludkevich
Зялёны Lexus rx350 скралі ў варшаўскім мікрараёне Кабаты.
«За інфармацыю, дзе можа быць запаркавана, даю 1000 злотых (785 рублёў — НН) таму, хто скажа. Хутчэй за ўсё, скралі 06.05.2026 а 4:43 раніцы», — напісаў ён у Трэдс.
У каментарах большасць людзей схіляецца да таго, што машыну, хутчэй за ўсё, ужо не знайсці, бо ў Польшчы скрадзеныя аўто цягам некалькіх гадзін разбіраюць на запчасткі.
На жаль, іх засцярогі абгрунтаваныя лічбамі статыстыкі. Раней агучваліся лічбы, што каля 80% скрадзеных машын сапраўды разбіраюць на запчасткі.
Хто такі Сяргей Людкевіч?
Людкевіч — фотакарэспандэнт з больш чым 10‑гадовым досведам працы ў СМІ. Здымаў фота і відэа для розных выданняў з Беларусі і Украіны. У 2020‑м асвятляў пратэсты ў Гродне. Пасля разгрому незалежных медыя ў пачатку 2021 года застаўся без працы ў фотажурналістыцы, сышоў у прыватныя здымкі і адкрыў фотастудыю ў Гродне. Пазней праз палітычны пераслед быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. Цяпер жыве ў Варшаве, дзе, апроч працы з фота, працуе ў таксі.
Машыны ў Варшаве крадуць рэгулярна
Гэта далёка не адзінкавы за апошнія гады выпадак, пра які становіцца вядома грамадскасці, калі ахвярамі крадзяжу сталі беларусы. У верасні мінулага года таксама ў Варшаве ў беларусаў скралі Hyundai Kona, які быў на польскіх нумарах.
А, напрыклад, за дзесяць месяцаў 2023 года партал «АўтаГродна» некалі налічыў восем такіх выпадкаў.
Прычым з васьмі машын, скрадзеных у беларусаў, тады ўдалося знайсці толькі адну.
У 2024 годзе адбыўся, мабыць, самы дарагі крадзеж: у беларуса скралі Porsche 718 Spyder, кошт якога перавышаў $100 тысяч. Аўтамабіль быў зарэгістраваны ў Польшчы. На момант крадзяжу ён знаходзіўся на закрытым паркінгу — і нават гэта не дапамагло.
Таксама ўжо ў пачатку 2025 года ў беларуса скралі Lexus UX; машына таксама мела польскую рэгістрацыю.
Насамрэч машыны ў Польшчы крадуць, не ведаючы нацыянальнасць або грамадзянства ўласніка. Але тым не менш навіны пра тое, што машыну скралі ў беларуса, з'яўляюцца рэгулярна. Прычына гэтага крыецца ў агульных лічбах крадзяжоў.
Лічбы крадзяжоў аўто ў Польшчы пужаюць
Летась толькі ў Варшаве скралі 1324 аўтамабілі. Атрымліваецца, што ў польскай сталіцы ў сярэднім кралі па тры-чатыры машыны штодня. Таму і не дзіўна, што нярэдка ў гэты спіс трапляюць аўтамабілі, якія належаць беларусам.
Усяго ў 2024 годзе ў Польшчы было зафіксавана 9820 крадзяжоў. З іх амаль 1900 прыпадала на Варшаву.