БЕЛ Ł РУС

Кучынскі: Падчас візіту Ціханоўскай у Арменію беларускія ўлады спрабавалі задзейнічаць механізмы міжнароднага вышуку

7.05.2026 / 23:04

Nashaniva.com

Візіт Святланы Ціханоўскай у Арменію на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які прайшоў 4—5 мая, быў пад пагрозай зрыву. Як расказаў «Люстэрку» дыпламатычны дарадца дэмакратычнай лідаркі Дзяніс Кучынскі, беларускія ўлады спрабавалі выкарыстаць бюракратычныя механізмы і міждзяржаўны вышук, каб не дапусціць яе ўдзелу ў форуме.

Святлана Ціханоўская і члены яе дэлегацыі на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Ерэван, Арменія, 4 мая 2026 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Па словах Дзяніса Кучынскага, першапачаткова дэлегацыя планавала вылецець у Арменію з Варшавы ў суботу, 2 мая, каб ужо ў нядзелю быць на месцы разам з большасцю сусветных лідараў. Аднак у апошні момант планы змяніліся з-за запрашэння ад прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага ўзяць удзел у цырымоніі ўзнагароджання Андрэя Пачобута. Вылет перанеслі на вечар нядзелі.

«Азіраючыся назад, можна сказаць, што гэтае рашэнне шмат у чым пайшло нам на карысць. Таму што менавіта ў апошні момант пачаліся рухі з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя дзеянні былі не адкрытымі, а вельмі характэрнымі для іх — праз бюракратычныя механізмы і злоўжыванне міждзяржаўным вышукам», — расказаў Кучынскі.

Па словах дарадцы дэмакратычнай лідаркі, афіцыйны Мінск вырашыў выкарыстаць механізмы міждзяржаўнага вышуку для затрымання Ціханоўскай і яе дэлегацыі. З меркаванняў бяспекі Кучынскі адмовіўся расказаць, якім быў адказ на гэта з армянскага боку.

«Мы атрымалі моцныя запэўніванні на самым высокім дзяржаўным узроўні, што ўсё будзе арганізавана належным чынам. Армяне зрабілі ўсё бездакорна: пратакольны прыём, дзяржаўная ахова і каардынацыя — усё было арганізавана на вельмі высокім прафесійным узроўні. Было бачна, што гэта сапраўдная палітычная пазіцыя краіны», — адзначыў Кучынскі.

Паводле яго слоў, з-за пераносу рэйса і дадатковага дня ў Варшаве ў каманды Ціханоўскай з'явілася больш часу на падрыхтоўку, што дазволіла «спакойна пераправерыць усе дэталі, прапрацаваць усе сцэнары, узгадніць усе пытанні бяспекі і пераканацца, што ніякіх сюрпрызаў ужо не будзе».

«Пазіцыя Арменіі была вельмі прынцыповай. Яна прыняла Святлану Ціханоўскую. І гэта быў вельмі моцны сігнал. Гэта чарговы доказ таго, што Лукашэнка ўсё яшчэ дрэнна разумее, з кім мае справу. Ён дагэтуль думае, што Святлану можна запалохаць ці прымусіць адмовіцца ад нейкіх крокаў. Яна выдатна разумее рызыкі, але не дазваляе страху вызначаць свае рашэнні», — заявіў Кучынскі.

Чытайце таксама:

Напярэдадні візіту Ціханоўскай у Арменіі затрымалі беларуса з агульнай базы росшуку

Украіна ўзгадніла візіт Ціханоўскай у Кіеў

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Робертам Фіцам

Ціханоўская прыехала на Саміт еўрапейскіх лідараў у Ерэван

Каментары да артыкула