БЕЛ Ł РУС

ДФР кашмарыць транспартнікаў: у вялікіх лагістычных аператараў крымінальныя справы, вобшукі і арышты

8.05.2026 / 13:14

Nashaniva.com

Як стала вядома «Нашай Ніве», Дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю паслядоўна ідзе па беларускіх транспартніках. Пачалося ўсё з прыходу да «Джэнці-Спедзішн» (Jenty) у пачатку года. Тыя прызналі віну і заплацілі шматмільённы штраф, пасля чаго органы наклалі трафарэт справы на іншыя кампаніі сферы — і адкрылі для сябе кландайк. 

Фота: LookByMedia

Як вядома «Нашай Ніве», толькі за апошнія два тыдні арышты і вобшукі пракаціліся па офісах буйнейшых лагістычных кампаній Беларусі: «ПраЛіў», «ВестТрансЛайн», «Інтэртрансаўта» і іншыя. 

Супрацоўнікаў масава не затрымліваюць, але бенефіцыянтаў і дырэктараў — так. Візіты органаў праходзяць у звычайным стылі запалохвання: з выбітымі дзвярыма і маскі-шоу. 

Кампаніям інкрымінуецца ўхіленне ад падаткаў — ч. 3 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — ад 5 да 12 гадоў калоніі.

Кіраўнікам кампаній налічваецца штраф сыходзячы з памеру недаплачанага — па меркаванні органаў — у бюджэт.

Як вядома, першай кампаніяй, да якой узніклі пытанні стала «Джэнці-Спедзішн». Нібыта яе супрацоўнікі, фактычна знаходзячыся ў Беларусі, працавалі ў інтарэсах яе прадстаўніцтваў у іншых краінах. Перадусім — Расіі і Казахстана. 

Па меркаванні органаў, калі камерцыйная дзейнасць ажыццяўляецца ў Беларусі, а аплаты за яе прыходзяць на рахункі ў іншых юрысдыкцыях, гэта падстава і для далічэння падаткаў, і для крымінальнай справы. 

Кіраўнікі «Джэнці-Спедзішн» прызналі віну і выплацілі дзясяткі мільёнаў штрафу, пасля чаго ДФР пайшоў па іншых лагістычных кампаніях, мяркуючы, што па такіх жа схемах працуюць і іншыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула