БЕЛ Ł РУС

Легендарнаму брытанскаму натуралісту Дэвіду Атэнбора спаўняецца 100 гадоў

8.05.2026 / 12:11

Nashaniva.com

Атэнбора да гэтага часу не пайшоў на пенсію, у красавіку выйшаў ягоны чарговы фільм.

Фота: 98‑гадовы Дэвід Атэнбора наведае Уімблдонскі турнір у 2024 годзе. Фота: Rob Newell — CameraSport via Getty Images

Дэвід Фрэдэрык Атэнбора нарадзіўся 8 мая 1926 года ў Лондане. Ягоны бацька быў спецыялістам па старажытнаанглійскай мове і працаваў дырэктарам каледжа Універсітэта Лестэра. Бацька браў яго з сабой на велапрагулкі па графстве Лестэршыр, што распаліла ў маладога Дэвіда цікавасць да батанікі і заалогіі, піша Бі-бі-сі.

Яго старэйшы брат Рычард таксама звязаў жыццё з кінематографам, быў акцёрам, рэжысёрам і прадзюсарам, і памёр у 2014 годзе ва ўзросце 90 гадоў.

Кар'еру на Бі-бі-сі Атэнбора пачаў у 1952 годзе ў ролі стажора. Праз два гады ён стаў прадзюсарам аддзела дакументальнага вяшчання Бі-бі-сі.

Вядучым Атэнбора стаў выпадкова. Аднаго разу ён суправаджаў куратара Лонданскага заапарка па рэптыліях Джака Лестэра ў экспедыцыі па лоўлі новых жывёл. Матэрыялы гэтай экспедыцыі сталі асновай для праграмы Zoo Quest. Перад першым эфірам Лестэр захварэў, і Дэвіда Атэнбора ў апошнюю хвіліну папрасілі замяніць яго ў ролі вядучага.

У сакавіку 1965 года ён стаў кантролерам другога канала Бі-бі-сі 2. Пры ім канал стаў першым у Вялікабрытаніі каналам каляровага тэлевізійнага вяшчання. Атэнбора паставіў задачу стварыць сетку вяшчання, якая была б адначасова забаўляльнай і пазнавальнай. Ён прыдумаў ідэі многіх новых для таго часу праграм, у тым ліку ніяк не звязаных з дзікай прыродай — на тэму музыкі, шоу-бізнесу ці фінансаў.

У 1976 годзе пачалося вытворчасць дакументальнага серыяла Дэвіда Атэнбора «Жыццё на Зямлі» (Life on Earth). Ён расказвае пра з’яўленне і развіццё жыцця на Зямлі — ад яе ўзнікнення 3,5 млрд гадоў таму да з’яўлення новых відаў насякомых, земнаводных, млекакормячых і, нарэшце, чалавека. Ніхто да гэтага часу не спрабаваў зняць дакументальны фільм пра прыроду такога маштабу. За тры гады здымачная група наведала 40 краін і зафіксавала больш за 600 відаў жывёл. Серыял выйшаў у эфір BBC Two у 1979 годзе, і яго паглядзелі 500 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Пасля гэтага за Атэнбора замацавалася рэпутацыя самага паспяховага і ўплывовага кінарэжысёра, які здымае фільмы пра дзікую прыроду.

Фота: John Sparks

Яго сустрэча з гарыламі ў гарах Руанды, паказаная ў серыяле, часта прызнаецца адным з найлепшых тэлевізійных момантаў усіх часоў.

«У позірку гарылы больш сэнсу і разумення, чым у любой іншай з вядомых мне жывёл, — расказваў гледачам Атэнбора, пакуль гарылы бестурботна гулялі за яго спінай. — Калі б была магчымасць сілай уяўлення перастаць быць чалавекам і апынуцца ў свеце якой-небудзь іншай істоты, гэта была б гарыла».

Атэнбора агучыў усе 250 серый праграмы «Жывая прырода на Першым», а серыя 1978 года пра сурыкатаў была прызнана найлепшым дакументальным тэлевізійным фільмам усіх часоў.

Працяг серыяла «Жыццё на Зямлі» выходзіў да 2008 года: апошняя частка, «Халоднакроўнае жыццё» (Life in Cold Blood), прысвечана рэптыліям.

Але гэта не значыць, што праца над дакументальнымі фільмамі спынілася: апошні выйшаў літаральна нядаўна, сёлета ў красавіку. У 2011 годзе 85‑гадовы дакументаліст працаваў перад камерай пры арктычных тэмпературах: ён быў вядучым серыі праграм «Замерзлая планета» (Frozen Planet).

«Я лічу, што свет дзікай прыроды — гэта найвялікшая крыніца радасці, прыгажосці і інтэлектуальных стымулаў, — казаў ён. — Яна дае столькі ўсяго ў жыцці. Яна робіць наша жыццё вартым таго, каб яго пражыць».

8 мая, у дзень нараджэння сэра Дэвіда, у лонданскім Альберт-холе пройдзе святочная паўтарагадзінная падзея пад назвай «100 гадоў Дэвіда Атэнбора на планеце Зямля», якая будзе транслявацца на BBC One і iPlayer а 20:30 па лонданскім часе.

Аркестр Бі-бі-сі выканае музыку з яго дакументальных фільмаў і серыялаў, а на сцэне будуць паказвацца некаторыя з самых запамінальных момантаў з архіва Бі-бі-сі, прысвечанага прыродзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула