Рублёвыя ўклады: якія стаўкі прапануюць банкі і што адбываецца з грашыма з улікам курсаў
Працэнты па валютных укладах апошнія гады знаходзяцца ў межах статыстычнай хібнасці, таму народ пераключыўся на рублёвыя. Разбіраемся, ці шмат яны прыносяць і наколькі гэта выгадна з улікам курсавых ваганняў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што прапануюць банкі
Найбольш выгадныя — безадзыўныя дэпазіты тэрмінам ад аднаго года. Даход ад такіх дэпазітаў не абкладаецца падаходным падаткам (у выпадку з безадзыўнымі ўкладамі да года банк аўтаматычна вылічвае падатак).
Разглядзім мінімальны з неабкладаных падаткам тэрмінаў — 13 месяцаў. То-бок цяпер забіраць грошы могуць тыя, хто паклаў іх на дэпазіт у красавіку 2025 года, а калі пакласці іх сёння, то забраць атрымаецца толькі ў чэрвені 2027-га.
Большасць банкаў прапануюць ад 13% да 14,1% гадавых.
Напрыклад, калі пакласці грошы ў Белінвестбанк на дэпазіт «Асабісты выбар» пад 13,5% на 13 месяцаў, то з 10 000 рублёў вы атрымаеце 1 503 рублі даходу. Гэта плюс 15%.
Банк «Рашэнне» прапануе 14% гадавых з капіталізацыяй. У выніку эфектыўная стаўка вырастае да 15,02%. За год і месяц з 10 000 рублёў мусіць выйсці 1 627 рублёў прыбытку. То-бок сума за гэты перыяд павялічыцца амаль 16,3%.
Ёсць і менш выгадныя прапановы, як, напрыклад, уклад «Капітальны анлайн» ад Банка Дабрабыт. На ім няма капіталізацыі, таму эфектыўная стаўка застаецца нязменнай — 13%. Праз год і месяц 10 000 рублёў ператворацца ў 11 408. То-бок за 13 месяцаў сума павялічыцца на 14%, што таксама нямала, нават з улікам інфляцыі.
А што, калі рубель лясне?
Паколькі беларусы прывыклі трымаць і пералічваць ашчаджэнні ў далярах, а рубель неаднойчы рэзка абясцэньваўся, мы падлічылі, да якога курсу задума пакласці грошы на рублёвы дэпазіт будзе заставацца выгаднай у пераліку на валюту.
Па цяперашнім курсе 10 000 рублёў — гэта каля $3500.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
У сярэднім праз 13 месяцаў 10 тысяч рублёў ператворацца ў 11 500 рублёў. Атрымліваецца, што ў даляравым вымярэнні «курсам бясстратнасці» будзе каля 3,285 рубля за даляр. Гэта курс, пры якім, абмяняўшы 11 500 рублёў, вы атрымаеце тыя самыя $3500, што можаце набыць сёння за 10 000 рублёў.
А можа быць і зусім інакш
Пры гэтым, як паказвае практыка апошніх гадоў, курс можа даволі істотна змяніцца і ў бок умацавання рубля. Праўда, цяпер даляр і так знаходзіцца на нізкім узроўні, таму далейшае прыкметнае ўмацаванне рубля выглядае малаверагодным.
Тыя, хто не пабаяўся пакласці рублі на 13‑месячны безадзыўны ўклад у красавіку 2024 года, летась атрымалі дадатковы бонус пры абмене. Апроч таго, стаўкі тады былі крыху вышэйшыя: 14,1—15,9%.
Вось як выглядала выгада з улікам умацавання рубля на нашым мінулагоднім прыкладзе. На 24 красавіка 2024 года курс Нацбанка складаў 3,23 рубля за даляр. Тады 10 000 рублёў раўняліся $3096.
Праз 13 месяцаў (у маі 2025 года) даляр каштаваў каля 3,01 рубля. Атрымліваецца, што самі па сабе 10 000 рублёў сталі эквівалентныя $3322.
А праляжаўшы 13 месяцаў на безадзыўным дэпазіце, сума ператварылася ў 11 562—11 813 рублёў, або ў $3841—$3924.