Рубіа: Перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што амерыканскія спробы выступіць пасярэднікам у перамовах паміж Расіяй і Украінай фактычна зайшлі ў тупік, піша The Moscow Times.
Марка Рубіа. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images
Паводле слоў Марка Рубіа, Вашынгтон спрабаваў дапамагчы бакам дасягнуць мірнага пагаднення, але пакуль гэта не дало выніку.
«Мы спрабавалі адыгрываць ролю пасярэдніка, але пакуль гэта не прывяло да плённага выніку па шэрагу прычын. Мы ўсё яшчэ гатовы адыгрываць гэтую ролю, калі яна можа быць выніковай», — сказаў дзяржсакратар ЗША.
Ён адзначыў, што ЗША не хочуць марнаваць час і рэсурсы на працэс, які не прыводзіць да прагрэсу. Пры гэтым ён дадаў, што амерыканскі бок гатовы вярнуцца да актыўнага пасярэдніцтва, калі сітуацыя зменіцца.
Раней ЗША, каб дабіцца вынікі, прапаноўвалі Расіі шырокія саступкі — у тым ліку размовы пра змякчэнне санкцый, эканамічнае супрацоўніцтва і нават магчымасць прызнання Крыма. Аднак Уладзімір Пуцін не пагадзіўся на кампраміс па тэрытарыяльных пытаннях і працягвае патрабаваць аддаць яму без бою поўны кантроль над Данбасам.
Нягледзячы на кантакты паміж прадстаўнікамі ЗША і Крамлём, а таксама некалькі сустрэч паміж расійскім і ўкраінскім бакамі, дамагчыся мірнага пагаднення не ўдалося.
Раней крыніцы выдання Bloomberg паведамлялі, што ў Крамлі разглядаюць магчымасць працягваць вайну яшчэ як мінімум год ці два і рыхтуюць новае наступленне.
Што да ЗША, то яны хацелі дасягнуць дамоўленасці па Украіне яшчэ да вясны, каб пасля вынесці яе на рэферэндум ва Украіне і арганізаваць выбары, як таго патрабавала Расія. Амерыканскі бок таксама быў зацікаўлены ў хуткім прагрэсе гэтых перамоў на фоне ўнутранай палітычнай сітуацыі ў ЗША і будучых выбараў у Кангрэс. Аднак завышаныя патрабаванні Пуціна і адмова Украіны іх прыняць зрабілі гэтыя планы невыканальнымі.
Чытайце таксама:
Расія можа атрымаць дадатковыя 2,67 млрд даляраў праз вайну ЗША і Ірана
«Трэба трымацца ад яго далей». Еўрапейскія ультраправыя адварочваюцца ад Трампа
Буданаў: Я бачу прагрэс у перамовах з Расіяй, і працэс можа не заняць шмат часу