У ЗША пачалі публікаваць рассакрэчаныя дакументы пра НЛА
Пентагон апублікаваў першую частку рассакрэчаных дакументаў пра НЛА, якія былі абнародаваныя паводле ўказу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
U.S. The Department of War
Для гэтага на сайце амерыканскага вайсковага ведамства стварылі асобны раздзел, дзе ўжо з’явіліся дзясяткі старонак дакументаў, а таксама фота і відэа, звязаныя з так званымі «неапазнанымі анамальнымі з’явамі» — сучаснай назвай для выпадкаў, якія раней называлі НЛА.
Першая партыя апублікаваных матэрыялаў пра НЛА агулам змяшчае 162 файлы. У яе ўвайшлі архіўныя тэлеграмы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, дакументы ФБР, а таксама стэнаграмы NASA, звязаныя з касмічнымі місіямі і палётамі астранаўтаў.
Апублікаваныя матэрыялы ахопліваюць перыяд ад 1947 года — часу вядомага інцыдэнту ў Розуэле ў штаце Нью-Мексіка — і да нашых дзён. Найноўшыя справаздачы тычацца падзей другой паловы 2025 года.
U.S. The Department of War
У адным з дакументаў апісваецца допыт пілота дрона, які сцвярджаў, што ў 2023 годзе бачыў у небе доўгі аб’ект з вельмі яркім святлом і палосамі ўнутры гэтага свячэння.
У Пентагоне заявілі, што рассакрэчванне праводзіцца «ў інтарэсах поўнай празрыстасці». Паводле ведамства, гэта маштабная праца, у якой удзельнічаюць дзясяткі дзяржаўных структур, у тым ліку NASA, ФБР, разведка і Міністэрства энергетыкі ЗША.
Новыя матэрыялы абяцаюць публікаваць паступова — прыкладна раз на некалькі тыдняў.
Дональд Трамп назваў абнародаванне дакументаў адным з поспехаў сваёй адміністрацыі. Паводле яго слоў, папярэднія ўлады не змаглі забяспечыць адкрытасць у гэтай тэме.
Тэма НЛА ў ЗША зноў стала папулярнай пасля нядаўніх выказванняў былога прэзідэнта Барака Абамы, які дапусціў магчымасць існавання пазазямнога жыцця, хоць і адзначыў, што не бачыў ніякіх доказаў кантактаў з іншапланецянамі.
Пры гэтым амерыканскія ўлады падкрэсліваюць: хоць былі зафіксаваныя сотні выпадкаў неапазнаных з’яў, доказаў існавання іншапланетных тэхналогій або кантактаў з пазазямнымі цывілізацыямі пакуль не выяўлена.
Чытайце таксама:
Трамп даручыць раскрыць дакументы, «якія датычацца іншапланетнага і пазазямнога жыцця» і НЛА
Абама пра іншапланецян: Яны існуюць
У ЗША знік генерал, які кіраваў сакрэтнымі праграмамі Пентагона
«Мы не адны ў космасе». Новая справаздача Пентагона пра НЛА выклікала спрэчкі ў Кангрэсе ЗША
NASA ўпершыню ў гісторыі стварыла камісію для вывучэння паведамленняў аб НЛА