Украіна заявіла пра расійскія абстрэлы падчас перамір'я
Нягледзячы на абвешчанае перамір'е, расійскія войскі працягваюць атакі беспілотнікамі.
Нягледзячы на афіцыйную згоду бакоў на спыненне агню 9—11 мая, расійскія войскі працягнулі абстрэлы жылых кварталаў і інфраструктуры, паведамляе ўкраінскі бок. За другі дзень перамір’я ў Данецкай, Харкаўскай і Херсонскай абласцях атрымалі раненні 19 мірных жыхароў.
Паводле інфармацыі кіраўніка Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінягубава, каля 22:00 9 мая расійскія дроны атакавалі Індустрыяльны раён горада. Адзін з беспілотнікаў трапіў у тэхнічны паверх дзевяціпавярховага жылога дома.
Сярод пацярпелых — двое 8‑гадовых хлопчыкаў і тры жанчыны ва ўзросце ад 32 да 74 гадоў.
На Херсоншчыне ў выніку абстрэлаў паранена сем чалавек, у тым ліку адно дзіця. Пашкоджаны шматпавярховік і 8 прыватных дамоў.
Расійскімі снарадамі на Данеччыне паранены два жыхары Дружкоўкі, а таксама па адным чалавеку ў Канстанцінаўцы і Дабраполлі.
Паводле УСУ, у паветранай прасторы Украіны з поўначы 10 мая было зафіксавана 27 беспілотнікаў (усе збітыя СПА), аднак вечаровыя атакі 9 мая прывялі да рэальных разбурэнняў і траўмаў сярод грамадзянскага насельніцтва.
Па ініцыятыве прэзідэнта ЗША Дональда Трампа перамір’е абвешчана на 9, 10 і 11 мая.