БЕЛ Ł РУС

«Мяч на іх баку». Рыжанкоў распавёў пра адносіны з Польшчай

11.05.2026 / 07:18

Nashaniva.com

Беларусь гатовая да правядзення кансультацый з Польшчай па пытаннях двухбаковых адносін. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Фота: Alexander Nemenov Pool Photo via AP

«Я б нашым польскім суседзям даў час сябе праявіць. У нас задач вельмі шмат і магчымасцяў вельмі шмат. Калі нам удасца адпрацаваць узаемныя транспартна-лагістычныя механізмы, ад гэтага толькі выйграюць абодва бакі. Калі мы знойдзем развязкі па нейкіх гандлёва-эканамічных пытаннях, памежным супрацоўніцтве (слухайце, чыгунка не працуе, самалёты не лётаюць, шэраг пунктаў пропуску застаецца закрытым, чэргі шалёныя), то, вядома, варта чакаць інтэнсіфікацыі кантактаў», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Ён дадаў, што за інтэнсіфікацыяй кантактаў заўсёды ідзе развіццё адносін па ўсіх напрамках. Але мяч знаходзіцца на польскім баку.

«Яны шмат гаварылі, што ў іх ёсць нейкія ўмовы. Так склалася, што ўсе пытанні зняты сёння. Калі ласка, мы гатовы да правядзення кансультацый з польскім бокам на ўзроўні намеснікаў міністраў, на іншым узроўні — нейкага ўпаўнаважанага і гэтак далей. Каб для пачатку адпрацаваць увесь комплекс адносін. Хтосьці павінен сесці і зрабіць дакладны разбор палётаў, дзе ж мы сёння з польскім бокам знаходзімся, па ўсім коле адносін. Я думаю, што гэта павінны зрабіць МЗС», — падкрэсліў міністр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула