Ці могуць старшакласнікі адмовіцца ад вучэбна-палявых збораў?
У гэтым годзе вучняў 10‑х класаў будуць адпраўляць на вучэбна-палявыя зборы на 10 дзён замест пяці, прычым зменіцца і фармат мерапрыемства. Ці можна адмовіцца ад удзелу ў іх, у эфіры тэлеканала СТБ патлумачыла намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова.
У Міністэрстве адукацыі раней анансавалі, што фармат вучэбна-палявых збораў для хлопцаў стане кругласутачным і «набліжаным да ўмоў вайсковай часці». Зборы ўваходзяць у курс «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», па якім выстаўляюць выніковую адзнаку за 10‑ы клас, пасля чаго вучняў пераводзяць у 11‑ы клас. Пры гэтым вызваліць ад іх могуць толькі па медыцынскіх паказаннях.
Як удакладніла Вольга Смірнова, адмовіцца ад збораў немагчыма, бо гэта частка адукацыйнага працэсу. Таму без адзнакі па выніках вучэбна-палявых збораў дзесяцікласнік не будзе атэставаны па прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка» за навучальны год.
«А калі не будзе атэставаны, значыць, не будзе пераведзены ў 11‑ы клас», — дадала прадстаўніца Мінгарвыканкама.
Яна таксама паведаміла, што пляцоўкі для збораў рыхтуюць на тэрыторыі дзіцячых аздараўленчых лагераў, баз адпачынку і вайсковых часцей. Знаходжанне ў лагерах або на базах адпачынку абыдзецца ў 20—30 рублёў на чалавека за суткі, аплачваць гэта будуць мясцовыя ўлады.
Дзяўчат замест вучэбна-палявых збораў чакаюць заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы. Іх аб’ём — 60 гадзін. Навучанне аказанню першай дапамогі будзе праходзіць ва ўстановах адукацыі, а таксама ў медыцынскіх ВНУ, медкаледжах і ўстановах аховы здароўя.