«Як толькі дождж, у нас у пад’ездзе патоп». «Багамы» ў «Мінск-Свеце» зноў заліло
Сезон дажджоў на Багамах доўжыцца з мая па лістапад. У гэты мокры перыяд максімальна дакладна ўпісаліся і сталічныя «Багамы» — тыя, што ў «Мінск-Свеце». Як толькі на мінулых выходных пайшоў дождж, ападкі выпалі і ў новабудоўлі. «Мы ўжо не ведаем, куды звяртацца. Ніхто нічога не робіць», — кажуць жыхары 25-павярховіка, піша Onliner.
«Багамы» трапляюць у «дажджавыя» зводкі не першы раз.
— Гісторыя доўжыцца ўжо больш за год, але праблема так і не вырашана. Пры хоць крыху істотным дажджы ў пад’ездзе са столі ручаём льецца вада. І з электрашчытка льецца вада. На сценах ужо сталактыты за гэты час паспелі вырасці!
Звароты і сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі раёна, кіраўніком гарантыйнага аддзела «Дана Астра» ніяк не паўплывалі на сітуацыю. За гэты час можна было дом з фундамента ўзвесці, але забудоўшчык працягвае нас проста карміць абяцаннямі. Складаецца адчуванне, што проста зацягваецца час да заканчэння гарантыйнага тэрміну на дом, — перажываюць уласнікі.
Дом па Брацкай, 11, быў здадзены ў снежні 2023 года. То-бок палова гарантыйнага тэрміну, лічы, сапраўды прайшла. Пры гэтым у асобных месцах дом выглядае досыць сумна.
Чаму будынак рэгулярна «прамакае», калі і якія работы будуць праведзены для ўстаранення прычыны праблемы, у якія тэрміны і за чый кошт будзе адрамантавана лобі — усе гэтыя пытанні журналісты накіравалі забудоўшчыку. Адказаў пакуль няма.