БЕЛ Ł РУС

«Час размаўляць з Расіяй». Прэзідэнт Фінляндыі заклікаў Еўропу пачаць перамовы з Масквой

11.05.2026 / 14:32

Nashaniva.com

Аляксандр Стуб падкрэсліў, што ўсё павінна быць узгоднена паміж еўрапейскімі краінамі.

Фота: УНІАН

Еўропа павінна пачаць самастойныя перамовы з Расіяй, бо цяперашняя амерыканская палітыка адносна Расіі і Украіны не адпавядае еўрапейскім інтарэсам. Пра гэта заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у інтэрв’ю Corriere della Sera, піша УНІАН.

«Калі амерыканская палітыка ў дачыненні да Расіі і Украіны не адпавядае інтарэсам Еўропы, як я лічу, тады мы павінны дзейнічаць непасрэдна. Так, час пачаць размаўляць з Расіяй. Я не ведаю, калі гэта адбудзецца. Мы абмеркавалі з еўрапейскімі лідарамі, хто ініцыюе кантакт», — сказаў Стуб.

Ён адзначыў, што пакуль невядома, хто з лідараў краін ЕС павінен весці перамовы з Расіяй. «Найважнейшае — каб усё было ўзгоднена паміж намі, асабліва паміж краінамі ЕС — Германіяй, Францыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Польшчай — разам з краінамі Паўночнай Еўропы і Балтыі, якія знаходзяцца на мяжы. Ці будзе гэта спецыяльны пасланнік або група лідараў — паглядзім», — падкрэсліў Стуб.

Прэзідэнт Фінляндыі дадаў, што настроены песімістычна адносна перспектыў заключэння мірнага пагаднення паміж Украінай і Расіяй у гэтым годзе.

Раней кіраўнік Еўрапейскай рады Антоніу Кошта заявіў, што Еўрапейскі саюз мае патэнцыял для перамоў з РФ. Паводле яго слоў, гэта падтрымлівае Уладзімір Зяленскі. Коста адзначыў, што ЕС будзе пазбягаць умяшання ў працэс, які вядзе Дональд Трамп. Ён таксама прызнаў, што з боку Крамля не паступала сігналаў пра гатоўнасць Пуціна да перамоў з прадстаўнікамі ЕС.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пазней заявіў, што Пуцін гатовы весці перамовы з «усімі», у тым ліку з еўрапейцамі, але першы крок павінны зрабіць еўрапейскія ўрады, бо яны разарвалі кантакты з Масквой у 2022 годзе пасля пачатку вайны супраць Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула