Бел-чырвона-белы сцяг — з сабой. Каліноўцы выпусцілі працяг фільма-дзённіка
Байцы ў падвале рыхтуюцца да штурму — і чуюць па рацыі, як машына сумежнага падраздзялення падарвалася на міне.
Скрыншот відэа
Полк Каліноўскага выпусціў працяг дакументальнага праекта «Тыдзень на фронце». Другая серыя ахоплівае падзеі з пятага па сёмы дзень знаходжання беларускіх добраахвотнікаў на пазіцыях у Запарожскай вобласці.
Дакументальныя кадры выпуска «Шэрая зона Запарожжа» знаёмяць з жыццём баявой групы каліноўцаў у падвале — адзіным месцы, дзе можна пачувацца адносна бяспечна.
У той ранак адбываецца замена: вопытны баец Ваяр пакідае пазіцыю з-за наступстваў кантузіі і праблем са здароўем, а на яго месца прыходзіць Кажан — малады добраахвотнік з Віцебска, былы студэнт-гісторык, які паспеў папрацаваць медыкам.
Каб забяспечыць падвал святлом і зарадзіць рацыі, камандзір групы з пазыўным Салам выходзіць «наверх» — у разбураны будынак. Ён запраўляе генератар і паказвае агнявую пазіцыю з нямецкім гранатамётам HK GMG. Сцяна будынка была спецыяльна часткова разабраная, каб мець агляд на пазіцыі праціўніка, якія знаходзяцца ўсяго за кіламетр.
«Каб страляць і не «спаліцца», нам прыйшлося разбурыць сценку, таму што мы знаходзімся ў прамой бачнасці ад рускіх. То-бок ад нас кіламетр, і там ужо нам ручкай могуць памахаць. У добрае надвор'е, калі ў цябе ёсць бінокль ці дальнамер, ты там пабачыш кагосьці. (…) Пазіцыя за час працы паказала сябе вельмі файна, нас не «спалілі» за два тыдні актыўнай працы. Я думаю, гэта поспех», — расказвае камандзір.
Вечар у падвале ператвараецца ў інтэлектуальную дыскусію. Байцы спрачаюцца пра постаць Кастуся Каліноўскага.
А наступны дзень праходзіць пад знакам небяспечнай вылазкі ў «шэрую зону». У густым тумане байцы спрабуюць знайсці збіты ўкраінскі дрон-бамбавік «Вампір». Аднак з-за рызыкі трапіць на неправераныя сцежкі група вырашае вярнуцца. Пазней дрон знойдзе група, якая заехала ў падвал пасля ратацыі.
Вярнуўшыся, Салам пачынае капаць дадатковы выхад з падвала. Ён тлумачыць гэта бяспекай: асноўны выхад глядзіць проста на ворага, і ў выпадку абрушэння будынка група апынецца ў пастцы.
Дзень заканчваецца чарговымі палітычнымі дэбатамі пра крызіс сучаснай дэмакратыі і непазбежнасць глабальных канфліктаў.
Пераломны момант
Кульмінацыяй стужкі становіцца сёмы дзень — час запланаванага штурму. Задача групы — падтрымаць пяхоту ў час актыўных дзеянняў. Кажан фіксуе пачатак аперацыі: калона бранетэхнікі ідзе на прарыў. Напружанне дасягае піку, калі ў падвале пачынае працаваць рацыя.
Праз дыялогі ў радыёэфіры становіцца вядома пра трагедыю: адна з машын сумежных падраздзяленняў падарвалася на міне. Чуваць паведамленні пра загінулага («200-га») і параненых («300-х»). Штурм згортваецца, бо сістэма ўзаемадзеяння парушаная. Байцы ў падвале застаюцца ў рэжыме чакання, пакуль ідзе складаная эвакуацыя параненых пад агнём ворага. Толькі да канца дня прыходзіць пацверджанне, што ўсіх удалося вывезці, у тым ліку забраць цела загінулага пабраціма.
«Штурм скончыўся, не паспеўшы пачацца. Ва ўмовах сучаснай вайны — гэта руціна», — каментуе апавядальнік Кос момант эвакуацыі пабрацімаў.
У канцы паказваюць выхад групы з пазіцыі. Байцы асцярожна здымаюць са сцяны падвала бел-чырвона-белы сцяг — сімвал, які суправаджаў іх увесь гэты тыдзень. Наперадзе ў ваяроў кароткі адпачынак, гарачая ежа і лазня. На змену ім прыйдзе наступная група, каб працягваць утрымліваць фронт. І так па коле, пакуль камусьці не ўдасца намацаць слабае месца ворага.
Чытайце таксама:
Каліноўцы выпусцілі фільм з сапраўднымі кадрамі падрыхтоўкі да штурму
«Не магу проста сядзець і нічога не рабіць». Гутарка з самым маладым ваяром палка Каліноўскага