БЕЛ Ł РУС

Работнікі гомельскага прадпрыемства скардзяцца, што з пачатку года ім не плацяць заробкі

11.05.2026 / 16:09

Nashaniva.com

Работнікі прыватнага гомельскага прадпрыемства ТАА «БіПіДжы Пластык», якое вырабляе розныя дробныя пластыкавыя вырабы, з пачатку года не атрымлівалі заробкаў. Як даведалася выданне «Флагшток» ад знаёмых работнікаў фірмы, тыя звярталіся з гэтай нагоды ў органы ўлады, але дапамогі пакуль не адчулі.

Прафсаюзная дэлегацыя падчас наведвання «Белпалімергаз». Гомельская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў

«Спачатку працавалі ў фірме «Белпалімергаз», потым перавялі ў «БіПіДжы Пластык» — супрацоўнікі мяркуюць, што там адзін і той жа фактычны кіраўнік. У студзені пайшлі даўгі па заробках, абяцалі, што ўсё наладзіцца і ўсё выплацяць. У выніку заробкаў не было за студзень, люты, сакавік. У красавіку каля 20 чалавек звольніліся, але і пры звальненні нікога не разлічылі».

Затым, паводле слоў работнікаў, кіраўнік перавёў астатніх супрацоўнікаў у склад «Белпалімергаза», а «БіПіДжы Пластык» афіцыйна лічыцца не на ім. Пераведзеныя супрацоўнікі атрымліваюць заробак, але каля 20 чалавек, якія звольніліся, засталіся без разліку:

«Звярталіся ў выканкам. Аддзел прымусовага выканання і Дзяржкантроль таксама ведаюць пра сітуацыю. Тэлефанавалі на гарачую лінію. Але кіраўнік хоча аб’явіць фірму банкрутам і застацца ні пры чым. Не ведаем, куды звяртацца далей».

Работнікі асцерагаюцца, што яны так і застануцца ні з чым, і што нават праз суд не змогуць спагнаць заробкі.

Кіраўніком «Белпалімергазв» ў афіцыйных крыніцах значыцца Канстанцін Карпаў — ён згадваўся ў 2025 годзе ў справаздачы аб пашыраным пасяджэнні прэзідыума Рэспубліканскага камітэта банкаўска-фінансавага прафсаюза. Ягоная фірма была сярод прыватных кампаній, якія наведвалі сябры прэзідыума. Тады яны «прыйшлі да высновы, што клопат пра чалавека працы з’яўляецца адным з прыярытэтных прынцыпаў, на якіх пабудаваная праца» ў тым ліку ТАА «Белпалімергаз»:

«Бяспечныя ўмовы працы, годны ўзровень заработнай платы — асноўная ўстаноўка сумеснай ініцыятывы кіраўніцтва і прафактыву. Работнікі стабільна гарантаваныя ў забеспячэнні шырокага сацпакета ў адпаведнасці з дзейнай Калектыўнай дамовай».

Канстанцін Карпаў (злева) падчас узнагароджання. Гомельская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў

Тады ж паведамлялася, што ад імя Рэспубліканскага камітэта «за асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне згуртаванасці Банкаўска-фінансавага прафсаюза» былі ўручаныя ўзнагароды дырэктару ТАА «Белпалімергаз» Карпаву і кіраўніку іншай фірмы.

Чытайце таксама:

«Дагэтуль трохі ў шоку». Француз, якога беларусы ўратавалі ад банкруцтва, расказаў пра таямніцы сваёй кавярні

Банкрутуе буйны мясны завод

«Жыць неяк трэба». Яшчэ адзін вядомы беларускі спявак збіраецца працаваць таксістам

Каментары да артыкула