БЕЛ Ł РУС

Кампанія Sumsub, задзейнічаная ў апрацоўцы пашпартоў беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, адрэагавала на публікацыю «НН»

11.05.2026 / 17:47

Nashaniva.com

Пасля выхаду артыкула «Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне» на электронную пошту Рэдакцыі прыйшоў ліст ад кампаніі Sumsub. У ім кампанія ўдакладняе, тлумачыць і абвяргае тры моманты з нашага артыкула.

Уласнасць і кантроль над Sumsub

«У вашым артыкуле сцвярджаецца: «Сёння кампанія пазіцыянуе сябе як брытанская, але ў рэальнасці брытанская юрыдычная асоба Sum and Substance Ltd належыць кіпрскай Raritex Trade Ltd. Хто ў рэальнасці кантралюе кампанію, мы не ведаем».

Гэтае сцвярджэнне ўводзіць у зман і з’яўляецца фактычна няправільным.

Sumsub — гэта глабальны брэнд, а Raritex Trade Ltd — зарэгістраваная на Кіпры кампанія — на гэты момант з’яўляецца адначасова і холдынгавай кампаніяй групы Sumsub, і яе асноўнай аперацыйнай структурай.

Браты Северы публічна зарэгістраваныя як канчатковыя бенефіцыярныя ўласнікі ў кіпрскім рэестры UBO (рэестры канчатковых бенефіцыярных уласнікаў — НН). З моманту заснавання кампаніі ў 2015 трое яе заснавальнікаў — Андрэй Север, Якаў Север і Пётр Север — з’яўляюцца адзінымі канчатковымі бенефіцыярнымі ўласнікамі бізнэсу.

Дадатковая інфармацыя адносна структуры ўласнасці і кіравання кампаніяй даступная ў нашай публічнай заяве, апублікаванай 22 красавіка».

Няправільнае прадстаўленне інцыдэнту з бяспекай 2024 года

«У вашым артыкуле далей сцвярджаецца:

«У пачатку 2026 года кампанія пасля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што ў 2024 годзе ў яе сістэме былі трэція асобы …»

Такая характарыстыка з’яўляецца фактычна няправільнай.

Публікацыя ў сацыяльных сетках, на якую вы спасылаецеся ў сваім артыкуле, была апублікаваная пасля таго, як Sumsub ужо афіцыйна раскрыла інфармацыю пра інцыдэнт з бяспекай 2024 года праз свае ўласныя каналы. Інцыдэнт быў выяўлены і расследаваны самой кампаніяй Sumsub, а не «выцягнуты» ў публічную прастору праз староннія публікацыі ці актыўнасць на хакерскіх форумах.

Ваша цяперашняя фармулёўка лжыва намякае на ўтойванне інфармацыі і знешняе выкрыццё як на прычыну раскрыцця інфармацыі, што з’яўляецца недакладным і ўводзіць у зман».

Выкарыстанне паклёпніцкіх крыніц і крыніц, законнасць якіх аспрэчваецца

«Ваш артыкул спасылаецца на папярэднія публікацыі і «расследаванні», якія тычацца Smart Engines і мінулай дзейнасці Sumsub.

Мы хацелі б звярнуць вашу асаблівую ўвагу на той факт, што артыкул выдання Incrypted Media, які цытуецца ў вашай публікацыі, грунтуецца на матэрыялах, першапачаткова апублікаваных Rekt. Як можна пераканацца тут, згаданая публікацыя ўжо выдаленая на падставе судовай пастановы аб прыняцці часовых мер.

Для вашага азнаямлення мы прыкладаем адпаведныя судовыя дакументы.

Калі казаць больш шырока, многія з гэтых матэрыялаў, прадстаўленых як «расследаванні», абапіраюцца на камбінацыю публічна даступнай інфармацыі, выбарачных замоўчванняў, маніпулятыўнай падачы і, у некаторых выпадках, адкрыта лжывых абвінавачанняў, каб стварыць наратыў, які не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў адносна структуры ўласнасці Sumsub, яе аперацыйнай дзейнасці, практык выканання патрабаванняў заканадаўства або тэхналагічнай інфраструктуры.

У прыватнасці, у многіх выпадках:

да Sumsub не звярталіся па каментар перад публікацыяй;

фактычныя ўдакладненні, прадстаўленыя кампаніяй, ігнаруюцца або скажаюцца;

выкарыстоўваюцца ананімныя платформы для публікацый без рэдакцыйнай адказнасці;

а значныя часткі аналізу, імаверна, створаныя з дапамогай вялікіх моўных мадэляў або паходзяць з крыніц, звязаных з выдаленнем негатыўнага кантэнту ў абмен на фінансавую ўзнагароду.

Гэта не адпавядае стандартам, якія чакаюцца ад адказнай журналістыкі, і выклікае сур’ёзную занепакоенасць адносна аб’ектыўнасці і рэдакцыйнай добрасумленнасці.

Мы яшчэ раз катэгарычна адмаўляем любую сувязь паміж Sumsub і расійскай дзяржавай, расійскімі спецслужбамі або расійскімі ўзброенымі сіламі.

Sumsub вельмі сур’ёзна ставіцца да сваёй рэпутацыі, сумленнасці, абавязацельстваў у сферы бяспекі і адказнасці за выкананне нарматыўных патрабаванняў. Кампанія застаецца прыхільнай прынцыпам фактычнай дакладнасці, празрыстасці і адказнага ўзаемадзеяння з кліентамі, партнёрамі, рэгулятарамі, медыя і грамадскасцю.

У той жа час Sumsub будзе працягваць абараняць сябе ад ілжывых, паклёпніцкіх і ўводзячых у зман заяваў усімі даступнымі законнымі сродкамі, уключаючы, калі гэта дарэчна, судовыя пазовы за паклёп, наўмысную хлусню і несумленную канкурэнцыю.

Мы просім неадкладна выправіць выяўленыя вышэй недакладнасці і забяспечыць, каб любыя будучыя матэрыялы пра Sumsub адпавядалі належным журналісцкім стандартам, утрымлівалі праверку фактаў і прадугледжвалі справядлівую магчымасць для каментара».

Ад Рэдакцыі

1) У пачатковай версіі артыкула гаварылася «Сёння кампанія пазіцыянуе сябе як брытанская, але ў рэальнасці брытанская юрыдычная асоба Sum and Substance Ltd належыць кіпрскай Raritex Trade Ltd. Хто ў рэальнасці кантралюе кампанію, мы не ведаем». У абноўленай версіі мы дадалі тлумачэнне, хто яе бенефіцыяры, атрыманае ад самой кампаніі.

Кіпрскі рэестр не публічны, мы не маглі атрымаць гэтую інфармацыю самі.

2) У пачатковай версіі артыкула гаварылася, што ў «пачатку 2026 года кампанія пасля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць …».

У сваім лісце кампанія патлумачыла, што інцыдэнт быў выяўлены і расследаваны самой кампаніяй Sumsub і гэта не было вымушана публікацыямі на хакерскіх форумах.

3) Публікацыя з Incrypted Media, працытаваная ў пачатковай версіі артыкула, сапраўды грунтуецца на публікацыі выдання Rekt, якая была пазней выдаленая са старонкі гэтага выдання па пастанове суда аб прыняцці часовых мер да моманту канчатковага судовага рашэння.

Чытайце таксама:

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне

Каментары да артыкула