Што за жанчына ў пілотцы і з чырвона-зялёным сцягам накінулася на антыпуцінскі пікет у Барселоне? Яна з Гомеля
9 мая ў Барселоне аматары «рускага свету» накінуліся на актывістаў, якія прыйшлі на шэсце «Бессмяротнага палка» з антываеннымі плакатамі. Адной з самых агрэсіўных удзельніц сутычкі была 57‑гадовая Яна Будніцкая (Сапунова), якая ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Іспаніі.
Яна Будніцкая са сцягам на «Бессмяротным палку» ў Барселоне. Скрыншот з тэлеграм-канала Rusos Libres
Яне Будніцкай (Сапуновай) — 57 гадоў. Па звестках Belpol, яна нарадзілася ў расійскім Уладзівастоку, але калі была малая, яе сям'я пераехала ў Гомель. Там жанчына скончыла школу, а з 2000 па 2004 гады мела статус індывідуальнай прадпрымальніцы.
Яна Будніцкая. Фота з яе аднакласнікаў
У Іспанію Будніцкая перабралася два дзясяткі гадоў назад. Цяпер яна жыве ў Барселоне. Жанчына дагэтуль ездзіць у Беларусь да сваякоў, але пераязджаць у родную гавань назусім, падобна, не збіраецца.
Будніцкая даўно мае прарасійскія погляды. Яшчэ ў маладосці яна ўдзельнічала ў фестывалі «Тры сястры», які вядомы пад назвай «Славянскае адзінства».
Ён праходзіў на ўкраінска-беларуска-расійскай мяжы і быў адным з прапагандысцкіх сімвалаў «трыадзінства славянаў». З пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў 2014 годзе не праводзіцца. «Такога праекта больш не будзе», — наракала жанчына ў сацсетках.
Скрыншот са старонкі Яны Будніцкай
У прарасійскай тусоўцы Барселоны Яна — чалавек вядомы. Яна з 2015 года рэгулярна ходзіць на «Бессмяротныя палкі», адзначае «Дні Расіі» і «Дні народнага адзінства». Ужо не першы раз на шэсце жанчына прыносіць чырвона-зялёны сцяг.
Яна Будніцкая на Бессмяротным палку ў мінулым годзе. Фота з яе старонкі ў Аднакласніках
9 мая ў Барселоне праходзіў «Бессмяротны полк». Да шэсця далучыліся актывісты арганізацыі Rusos Libres і ўкраінцы з плакатам «Не пуцінскаму фашызму», пачаўся канфлікт. Сапунова разам з іншымі фанатамі Пуціна кідалася на пратэстоўцаў. Як расказвалі самі пацярпелыя, іх білі і не давалі прайсці, пасля чаго яны збіраліся падаваць заяву ў іспанскую паліцыю.
Чытайце таксама:
У абласных гарадах Беларусі прарасійскія актывісты правялі «Бессмяротныя палкі»
МЗС Расіі пахвалілася расійскай акцыяй «Бессмяротны полк» у Мінску