БЕЛ Ł РУС

Крэмль паказаў, як Пуцін вітаецца з «выпадковым прахожым». Ім аказаўся «свой» чалавек

12.05.2026 / 08:06

Nashaniva.com

Журналісты выкрылі чарговую пастаноўку з удзелам расійскага прэзідэнта. У відэароліку, які распаўсюдзіў Крэмль, Уладзімір Пуцін нібыта выпадкова сустракае мінака ў холе гасцініцы — той выходзіць з ліфта ў хол, калі там якраз Пуцін з аховай. Прэзідэнт РФ з ім здароўкаецца і пытае пра жыццё і надвор'е. 

Прэс-служба Крамля ў панядзелак апублікавала відэа сустрэчы Уладзіміра Пуціна са сваёй школьнай настаўніцай Верай Гурэвіч у гасцініцы на Арбаце. Пуцін, як паказана на відэа, асабіста заехаў па настаўніцу ў гатэль, каб адвезці яе на вячэру ў Крэмль.

Падчас гэтай сустрэчы прэзідэнт РФ вітаецца з нібыта выпадковым мужчынам. Аналіз «Агенцтва» паказаў, што гэтую ролю сыграў Аляксандр Базарны, які працаваў у кампаніі, што кіруе віламі Пуціна і маці яго спадарожніцы Аліны Кабаевай.

У відэа Пуцін на пазадарожніку Aurus сам за рулём заязджае ў неназваную гасцініцу і праходзіць у хол атэля. Там яго чакае Вера Гурэвіч.

Пасля гэтага яны разам накіроўваюцца да машыны.

Па дарозе Пуцін сустракае жыхара Сочы, цісне яму руку і пытаецца пра надвор’е і яго ўражанні ад Масквы. Пасля гэтага, як вынікае з прэс-рэлізу, прэзідэнт з настаўніцай адпраўляюцца на вячэру ў Крэмль.

Згодна з аналізам «Агенцтва», Базарны сапраўды жыве ў Сочы.

У 2010—11 гадах працаваў ахоўнікам у краснадарскім прадпрыемстве «Газстрой бяспека», «Свод інтэрнэшнл». Ён таксама працаваў у кампаніі «Грос груп дзі», верагодна, кіроўцам.

Кампанія «Грос груп дзі», як пісаў «Праект» у 2022 годзе, належыць фірме «Уладанне-В», звязанай з былым разведчыкам Сяргеем Трэгубам. Трэгуб кіруе актывамі ў інтарэсах кіраўніка «Газпрама» Аляксея Мілера і выконвае далікатныя даручэнні кіраўніцтва краіны.

Кампанія «Свод інтэрнэшнл» пазней была перайменавана ў «Газпрам Паляну», якая кіруе аднайменным курортам.

«Свод Інтэрнэшнл» таксама абслугоўвала шале «Ачыпсэ» каля курорта Красная паляна. Гэтае шале называлі адной з рэзідэнцый прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Кампанія таксама кіравала іншымі элітнымі катэджамі ў Краснай паляне, сярод арандатараў якіх былі маці Аліны Кабаевай і сын кіраўніка Расгвардыі Віктара Золатава.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула