БЕЛ Ł РУС

Марфа Рабкова — пра Дзень Волі ў СІЗА, смерць бацькі, змены ў сабе і адносіны з адміністрацыяй калоніі

12.05.2026 / 10:06

Nashaniva.com

Марфу (Марыю) Рабкову вызвалілі 19 сакавіка ў выніку візіту ў Мінск амерыканскай дэлегацыі — і яна ўжо ўключылася ў праваабарончую дзейнасць. Дзяўчына правяла два з паловай гады ў СІЗА, тры ў калоніі. У размове з Марынай Золатавай яна расказвае, як змянілася за гэты час, як у СІЗА адзначалі Дзень Волі і як складваліся яе адносіны з адміністрацыяй калоніі.

Падаем вытрымкі з вялікага інтэрв'ю.

Пра сустрэчу з мужам пасля вызвалення

Раскажы, як вы сустрэліся з мужам.

— Вядома, для мяне гэта быў момант горычы: нікога з маіх блізкіх не было побач у момант майго вызвалення, бо мяне чакалі дома ў Беларусі, але, на жаль, я апынулася ў іншым месцы. Усе мы, знаходзячыся там, уяўлялі сабе гэты дзень, у фарбах яго малявалі і пражывалі дзясяткі, сотні разоў. Але рэальнасць заўсёды па-іншаму расстаўляе свае прыярытэты і дэкарацыі. І ў мяне, шчыра скажу, была такая белая зайздрасць, калі я бачыла, што людзей абдымаюць іх блізкія. А я як сірата стаю. Не хачу прынізіць значнасць маіх сяброў, калег, якія ахінулі мяне клопатам і ўвагай, але блізкія і родныя — яны адзіныя ў сваім родзе. Я паўтара месяца чакала, каб прыехаў муж. І, напэўна, так хвалявалася ўвесь гэты перыяд, што ў момант сустрэчы хвалявання ўжо не было. Я зрабіла нетыповы жэст. Купіла кветкі — такія «трывалыя». Я яму іх падарыла і сказала: няхай яны застаюцца пакуль у тым месцы, дзе я жыву, як напамін пра нашую першую сустрэчу пасля зняволення.

Як Марфу падчас следства зрабілі кіраўніцай анархісцкай групоўкі

— У той момант [калі была ў СІЗА] мне прапанавалі здзелку. Калі ты праходзіш па артыкуле 285, ёсць у Крымінальным кодэксе артыкул, які гарантуе, што калі ты з’яўляешся ўдзельнікам арганізаванай злачыннай групоўкі (АЗГ) і даеш паказанні на іншых удзельнікаў, то з цябе цалкам здымаецца крымінальная адказнасць у межах 285‑га артыкула.

І я скажу, калі мне прапанавалі, сапраўды крышачку нешта ўва мне заварушылася. У той момант у мяне паміраў бацька, і, вядома, гэта быў самы маніпулятыўны пункт, які быў магчымы. Я памятаю, як вярнулася ў камеру. Там было толькі адно зацішнае месца — у туалеце за фіранкай. Я зачынілася і пачала думаць, што рабіць. І мне было так шкада сябе. Але потым я пачала думаць пра тых людзей, у дачыненні да якіх хацелі, каб я дала паказанні. У іх жа таксама ёсць і мама, і тата, і бабуля, і дзядуля, і любімыя людзі. І мая гісторыя не ўнікальная, і маё гора не ўнікальнае. І чаму я, выбіраючы сваё шчасце, гэтых людзей утоптваю ў іх гора? Чым я лепшая больш за іх?

То-бок гэта не было так, што, калі мне была прапанаваная гэтая здзелка, я адразу, як храбрая Жанна д’Арк, сказала: «Не. Я не буду». У той момант я проста маўчала. Я зразумела, што мне для сябе трэба вырашыць, па якіх правілах я буду жыць. Калі ўсё вельмі складана, калі ў цябе ў галаве поўная каша, ты разгублены і не ведаеш, што табе рабіць.

І я вырашыла, што правіла, па якім я буду жыць да канца сваіх дзён, — не нашкодзіць. Я не магу вырашаць свае праблемы шляхам таго, каб шкодзіць іншым людзям.

Але гэта цяжкі выбар насамрэч.

Я адмовілася ад здзелкі, і мяне з удзельніцы АЗГ зрабілі яе кіраўніцай. І мае «да 12 гадоў» ператварыліся ў «да 20».

Вось чамусьці гэты прамежак быў ужо прасцейшы. Напэўна, калі ўжо двухзначны лік, успрыманне крыху іншае.

За ўвесь час зняволення я насамрэч толькі тры разы выходзіла з сябе. Пры камунікацыі з прадстаўнікамі ўлады заўсёды паводзіла сябе вельмі спакойна. Але калі мне прынеслі канчатковае абвінавачанне — 10 артыкулаў, 20 эпізодаў, — такі талмуд, я проста кінула яго ім назад. Неўсвядомлена так шпурнула і сказала: «Я ніколі гэта не падпішу. Прыбярыце гэта ад мяне. Вы наогул звар'яцелі, што вы робіце? Хто наогул гэта прыдумаў?» Потым дадала: «Добра, я ўсё арганізоўвала. Калі гэта дапаможа зняць крымінальную адказнасць з іншых людзей, дык пішыце што заўгодна».

Пра смерць бацькі і тое, як навучылася прабачаць

Як ты змянілася за гэтыя гады?

— Напэўна, я яшчэ больш паглыбілася ў праваабарончую канцэпцыю, вельмі цяжкую ў рэалізацыі на практыцы, — правы чалавека для ўсіх. Быць праваабаронцам да канца і дапамагаць абсалютна ўсім, нягледзячы на ідэі, нягледзячы на погляды, нават калі табе чалавек не падабаецца. Вось гэта вельмі складана — выключаць сваё асабістае меркаванне пры пэўных абставінах. Мне здаецца, што гэта працэс, да якога трэба ўвесь час імкнуцца. Вельмі для мяне быў важным момант, калі я зразумела, наколькі я праціўніца любога віду гвалту. Мне здаецца, я стала пацыфістам галаўнога мозга. Я лічу, што немагчыма дасягаць любой, нават самай гуманнай ідэі, шляхам гвалту. Ён ужо ад пачатку псуе ўсё. Гэта дарога ў нікуды. Ідэя не можа быць цудоўнай, калі на шляху яе рэалізацыі — гора і гвалт.

Як ты мірышся тады з гэтым светам, у якім поўна гвалту? У якім войны бясконцыя, пакутуюць і гінуць людзі?

— Гэта акурат пытанне пра тое, што ўсё роўна трэба бачыць свет такім, які ён ёсць. Не ідэалізаваць яго, не абяляць, а прымаць. Але разумець, што магу зрабіць асабіста я, каб ён стаў лепшым. Напрыклад, вось мая асабістая гісторыя пра гвалт. Калі я страціла бацьку, гэта была вельмі непрыемная гісторыя, мякка кажучы. Знайшліся людзі, якія з гэтага вельмі моцна іранізавалі.

Мне было балюча. І я ў сабе адчувала велізарную нянавісць. І я насамрэч з ёй жыла і да гэтага даволі доўга. Яна мяне запаўняла. А я і не хавала, у прынцыпе, нават публічна. Але ў нейкі момант зразумела, што гэта такая жахлівая атрутная эмоцыя. І ў першую чаргу яна мяне атручвае. Я зразумела, што не хачу ненавідзець. Я хачу ўнутранай гармоніі. Мне хочацца быць лёгкай і спакойнай.

Але гэта лёгка сказаць. На справе, калі ты сутыкаешся з велізарнай колькасцю нянавісці, злосці, здрады, вельмі складана заставацца на тых пазіцыях, якія ты абраў.

Я зразумела, што гвалт і агрэсія — гэта як бумеранг, які ходзіць адзін ад аднаго: мяне ненавідзяць, я ў адказ ненавіджу. І такім чынам я працягваю гэты шлях нянавісці. Я нібыта станаўлюся мосцікам для таго, каб перадаць яе далей. А я хачу яе спыніць. Бо гвалт нараджае гвалт. Калі мне чыняць гвалт, я пачынаю чыніць гвалт у адказ. І нібыта працягваю гэты шлях. А я хачу сказаць: «Стоп». На мне вось гэтая маленькая нянавісць спыніцца. Я не буду яе працягваць.

Я не проста прыйшла да гэтай думкі. Я вельмі люблю Караткевіча. Шкадую, што мы з ім размінуліся ў эпохах, не можам сустрэцца і пагаварыць. Памятаю, недзе ў верасні дваццаць першага года я чытала «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Там ёсць такі цікавы момант. Галоўны герой нясе на гару крыж (я так і ўяўляю сабе гэта на беразе Нёмана побач з Каложай), дзе яго павінны пакараць смерцю на шыбеніцы, яго і яго сяброў… Але тут яго паплечнікі бяруць пад варту катаў, прадстаўнікоў улады… Тады яму прапануюць расправіцца з крыўдзіцелямі. А ён бярэ паходню, падыходзіць да кожнай шыбеніцы, падпальвае і кажа, што ў гэтым горадзе больш ніхто ніколі не будзе павешаны, што цяпер гэта свабодны і чысты горад і што ніколі ў ім не будзе столькі слёз, крыві і гвалту.

Я чытаю і разумею, што ў мяне нешта шчоўкае ў галаве. Бо як было: мяне б’юць, і я хачу ў адказ біць. І гэта, у прынцыпе, самая натуральная чалавечая рэакцыя. Самая спрошчаная для псіхікі. Але мы ж крыху складанейшыя ўжо. Мы ж хочам крыху лепшымі быць, так? Я зразумела, што хачу быць іншай. Я вельмі доўга да гэтага ішла. Гэта быў працэс, які заняў не месяц, і не два, і не паўгода. Я вельмі доўга ішла да таго, каб прабачыць. Бо, як бы гэта ні было пампезна сказана, доля моцных — прабачаць.

Ты не прыніжаешся. Гэта робіць цябе яшчэ мацнейшым унутрана, калі ты прабачаеш нават самыя страшныя рэчы.

Памятаю, як я на практыцы вырашыла гэта рэалізаваць. У той момант мы размаўлялі з адным супрацоўнікам ГУБАЗіКа. Сяджу і кажу: «Ведаеце што? Я хачу вам сказаць, што я вам прабачаю». Ён спачатку сказаў: «Гэта нейкі жарт? Ты зараз нешта нам скажаш?» Яны вырашылі, што гэта нейкі хітры ход, што я зараз дастану «слоўнае джала» і іх уджалю. Кажу: «Не-не-не. Я вам шчыра кажу: я вам прабачаю». Яны не паверылі. У іх плоскасці гэта было нешта занадта складанае. То-бок яны заўсёды чакаюць рэакцыі па сабе.

Гэта яны іранізавалі наконт смерці твайго бацькі?

— Так. У прынцыпе, усе маніпуляцыі ў большасці сваёй грунтаваліся на тым, што бацька памірае. Напэўна, першы год для мяне быў самы цяжкі праз гэта. Я выдатна разумела, які стан у бацькі, які від раку, што ён вельмі агрэсіўны, што сапраўды час ідзе на дні…

Ён хварэў яшчэ да таго, як цябе затрымалі?

— Так. І ў мяне акурат апошнія паўгода перад затрыманнем былі пастаянныя паездкі Мінск — Добруш, бо трэба было трохі цягнуць сям’ю, і лячыць, і быць побач. Напэўна, ты адчуваеш сябе ўжо дарослым, калі не бацькі з табой носяцца, а калі ты ўжо разумееш, што павінен узяць сям’ю і пацягнуць яе.

Для мяне самы цяжкі момант затрымання заключаўся ў тым, што я не магу фізічна дапамагаць сваёй сям’і.

Але ведаеш, няма ліха без дабра… Апошні раз мы з бацькам вельмі моцна пасварыліся, бо ён стаміўся. У яго пачаліся такія гаротныя думкі. А я сказала: разумею, але ты паглядзі, у цябе ёсць мы. Ты не хочаш пра нас падумаць, мы ж за цябе, мы хочам, каб ты змагаўся.

А калі мяне затрымалі, у яго з’явілася ідэя фікс мяне дачакацца. І гэта дало яму на нейкі прамежак часу сілу прымушаць сябе змагацца. Вядома, вельмі складана так прама сказаць, але, магчыма, нават гэтыя страшныя падзеі далі яму нейкіх пару месяцаў дадатковага жыцця. Бо тата сціснуў зубы. У мяне было няшмат ад яго лістоў. Ён пісаў: я абяцаю цябе дачакацца, я жыву з думкай, што мне трэба цябе дачакацца. (…)

Напэўна, я чакала, што бацькі рана ці позна не стане, таму ўжо маральна да гэтага рыхтавалася. Памятаю дзень, калі мне паведамілі пра гэта. Ён памёр пятага. Адвакатка распавяла мне пра гэта шостага жніўня дваццаць першага года. Я выйшла з кабінета ў слязах, гэта быў досвітак, там яшчэ нікога не было. І там быў чалавек, які працаваў на Валадарцы. І ён мяне абняў. Пачаў супакойваць.

Як адзначалі Дзень Волі на Валадарцы

А вось ці праўда, ці гэта ўжо фантазіі нечыя, што Новы, 2021 год адзначалі пад песню «Муры», што спявалі нейкія іншыя пратэсныя песні? Было такое на Валадарцы пры табе?

— Было, і ў вокны крычалі ўсе лозунгі. Я памятаю вельмі выразна, калі ў дваццаць першым годзе мы ў двары пастаянна спявалі нейкія песні. З Ірай Шчаснай, калі знаходзіліся ў адной камеры, таксама там спявалі пастаянна. Я прабыла ў камеры №83 два гады. А папярэднічала гэтаму тое, што акурат 25 сакавіка 2021 года ўсю нашую камеру раскелешавалі (раскідалі па розных камерах. — Заўв.). Бо мы акурат адзначалі 25 сакавіка. Мы паштоўку нейкую паставілі на стол, у нас быў бэчэбэшны мармелад. Нас было восем чалавек, мы сабе зрабілі кветачкі са стужачкамі, выразалі, пафарбавалі, усё было ў бела-чырвоным колеры. І мы выстраіліся: белае-чырвонае-белае-чырвонае…

На праверку? Сур’ёзна?

— Самае цікавае, што ў нас было, па-мойму, трое чалавек не па «палітычных» артыкулах. Яны цалкам нас падтрымалі.

Здаваць рапарт павінна была жанчына, якая сядзела за аліменты. І вось яна вельмі загарэлася. Мы сказалі: «Хочам здаць на беларускай мове рапарт, але гэта вашая чарга», а яна: «Дык я здам на беларускай мове». Заходзіць корпусны, яна пачынае па-беларуску здаваць. А ён жа бачыць, што гэта не «палітычная» здае па-беларуску. Сказаў: «Што вы за цырк тут зладзілі?» І пляснуў дзвярыма.

А потым нас трэба было выводзіць на прагулку. Мы такія выходзім усе прыгожыя з гэтымі кветкамі ў валасах. Нам кажуць: «Вы альбо здымаеце, то-бок мы вас у гэтым не павядзём. У вас экстрэмісцкія знакі». А мы: «А дзе вы наогул бачыце? Гэта ж кветачка, паглядзіце».

І цэлы дзень быў вэрхал такі. Нас то выводзілі, то заводзілі, потым нам зрабілі ператрус, потым мы з матрацамі стаялі ў калідорах, вось гэтыя кветкі ўзялі парастоптвалі.

Корпусны пабег і адразу паскардзіўся начальніку, і ўжо немагчыма было не адрэагаваць. Таму былі прынятыя меры. Вось такое святкаванне было. Наогул была ідэя на той момант, каб гэтае святкаванне прайшло ў многіх камерах адначасова. Мы хацелі зрабіць, каб у нейкі пэўны час усе сталі крычаць «Жыве Беларусь!». І вось гэтая ідэя паступіла, мы падзяліліся з суседзямі, нібыта ўсе падтрымалі, але потым чамусьці вырашылі, што не трэба гэтага рабіць. Пра гэта даведаліся аператыўнікі. На жаль, розныя людзі знаходзіліся ў камерах. І ў іх пачалося расследаванне, хто быў ініцыятарам… Яны расцанілі, што было жаданне зрабіць нейкі бунт, нейкую масавую акцыю, і шукалі завадатараў. Я ведаю, што ў той дзень нехта з мужчын гучна крычаў «Жыве Беларусь!», і яго ў карцар змясцілі.

Памятаю, што яшчэ да нашага затрымання трапляліся публікацыі, што ў цябе былі праблемы са здароўем у СІЗА. Ты можаш падвесці вынік: як вось гэтыя пяць з паловай гадоў адбіліся на тваім здароўі і ці былі ў цябе праблемы з атрыманнем меддапамогі?

— Напэўна, у СІЗА было складаней за ўсё, бо я перанесла кавід. Цяжка перанесла. Я ўдзячная Богу, што змагла з ім справіцца сама. На жаль, так, дапамогі не было. Лячэнне ў выглядзе парацэтамолу. Я ведаю не вельмі добрыя рэчы, калі лекар наогул адмаўляўся ісці ў камеру, дзе лютаваў кавід, і, напрыклад, мужчыны былі вымушаныя абвяшчаць галадоўку, каб да іх прыйшоў спецыяліст.

Кавід вельмі падарваў мяне, і я да такой ступені кепска выглядала, што нават калі ў камеру засяляліся жанчыны, з якімі я была знаёмая асабіста, яны мяне не пазнавалі. То-бок я была вельмі худая, вельмі знясіленая, выглядала сапраўды дрэннавата. З шчытападобнай залозай былі праблемы, з зубамі.

На гэты момант, мяркуючы па тым, як наогул людзі вызваляюцца і ў якой яны форме, у якім яны стане, лічу, што ў мяне ўсё наогул добра. Ёсць праблемы, але яны не такія істотныя, іх трэба кантраляваць, але ў цэлым усё добра.

Пра адносіны з адміністрацыяй калоніі

Як у цябе складваліся адносіны ў калоніі з адміністрацыяй? Па маіх назіраннях, ты спрабавала з імі камунікаваць, вырашаць нейкія пытанні.

— Спачатку ніяк наогул. Я нават не ведаю, у які момант нешта змянілася, бо першапачаткова я станавілася ў позу і казала: «Не». Я нават не памятаю, што на мяне паўплывала, што я вырашыла пачаць нейкія размовы. Гэта быў нейкі, напэўна, супольны механізм. І дзесьці, напэўна, ужо ў дваццаць пятым годзе я стала камунікаваць.

Па сутнасці, гэта была з іх боку прапанова аб выбудоўванні «давернай камунікацыі», але гэта смешна, вядома. Аднак я вырашыла даць шанец усяму гэтаму, бо першыя крокі былі зробленыя з іх боку.

Калі трапіла толькі ў калонію, прайшоў нейкі час, я паглядзела на тое, што адбываецца. І стала заклікаць дзяўчат, каб яны прызнавалі віну. Хаця я тады сама не прызнала віну. Проста гледзячы на тое, якая гэта цяжкая ноша і як цяжка сядзець людзям, якія не зрабілі гэтага, я ўзяла на сябе такую смеласць. Я атрымала дозу хэйту за гэта.

Але я казала: «Калі ласка, прызнавайце віну. Важны здаровы чалавек, які прайшоў праз выпрабаванні з найменшымі стратамі: псіхалагічнымі і фізічнымі. Калі гэта дасць магчымасць пазбегнуць ШІЗА, калі гэта дасць магчымасць пазбегнуць пастаяннага ціску і булінгу». Бо гэта вельмі цяжка. Мне насамрэч у нейкія моманты здавалася, што я дыхаць нават ужо не магу. Настолькі псіхалагічна было складана.

Гэта якія, напрыклад, былі моманты?

— Калі ты проста разумееш, што 100 чалавек на цябе варожа глядзяць і кожны з іх чакае любую тваю памарку, памылку. Калі ты банальна заходзіш у памяшканне выхаваўчай працы (ПВП), табе трэба сесці кудысьці. Ты падыходзіш да вольнага месца, табе кажуць: «Тут занята. Тут занята. Адышла адсюль». Гэта як у школе: ты выгнанец.

Ты не можаш нават падысці, з кімсьці пагаварыць. А калі да цябе нехта падыходзіць, нешта пытаецца, да яе падлятаюць і імгненна кажуць: «Адыдзі ад яе. У цябе што, праблем мала? Не размаўляй з ёй». Гэта было вельмі цяжка, калі ты нават не ведаеш, да каго звярнуцца, не ведаеш, у каго спытаць, не ведаеш, як жыць, якія там правілы дзейнічаюць… А ты ўвесь час не там стаў, не так сеў, не туды паглядзеў, не так перадаў талерку. І гэта кожная хвіліна, кожная секунда твайго жыцця ў гэтым калектыве. Ты толькі ўначы можаш заснуць. А калі ты жывеш 16 гадзін у суткі пастаянна на мяжы, калі ты разумееш, што любая твая памылка — і цябе задзяўбуць проста… Гэта вельмі цяжка маральна.

А калі гэты ціск спыніўся?

— Настолькі моцны, напэўна, месяцы праз два. Мяне прамацвалі, сканавалі, глядзелі на маю рэакцыю, а я такая думаю: «Усё роўна насуперак усім не буду агрэсіўнай». Але пры гэтым я не давала выціраць аб сябе ногі. У мяне было пачуццё ўласнай годнасці, і я проста спакойна казала, тлумачыла. Дапусцім, заходзілі ў ПВП, пыталіся: «Чаму, Рабкова, ты стаіш?» Я адказваю: «На жаль, людзі ў гэтай залі не хочуць, каб я сядзела побач з імі. Таму я вымушаная тут стаяць». (…)

У нейкі момант я прапанавала адміністрацыі: трэба прыходзіць да нейкага кансэнсусу, давайце размаўляць. Раз так атрымалася, што мы знаходзімся ў вашай установе, трэба ж неяк выбудоўваць адносіны, а не толькі ў карным парадку… Яны тады пасмяяліся, сказалі, што ў іх ужо была такая [Вольга] Класкоўская, якая прапаноўвала ім гэтую ролю і нібыта нават нешта рабіла. Такі прафсаюз «дзясятай катэгорыі». Я спрабавала ўвесь час лабіяваць тэму (і ты ж сама, напэўна, з гэтым сутыкалася): часам незразумела наогул, у чым праблема, калі пачыналася нейкая вострая ўвага да цябе. Ты пачынаеш адчуваць, што хмары згушчаюцца, але вельмі складана зразумець чаму. Меня вельмі раздражняла заўсёды, чаму нельга прамалінейна сказаць, у чым праблема, дзе я пераступіла нейкую нябачную чырвоную лінію, чаму ў дадзены момант нешта адбываецца?

Я, напрыклад, казала: «А вы наогул спрабавалі рабіць кантрольны стрэл у паветра, а не па нагах адразу? Чаму вы не спрабуеце дамаўляцца з гэтымі людзьмі, а адразу прымаеце жорсткія меры?» Можа быць, сярод гэтых асуджаных, сярод дзесяці чалавек двое вас не пачуюць. Але восем з іх, хутчэй за ўсё, прыслухаюцца, калі вы скажаце: глядзі, ёсць такая праблема, мы будзем рэагаваць на яе, калі ты не перастанеш, напрыклад, публічна выказвацца.

Табе адказвалі на такія пытанні?

— Спачатку да гэтага вельмі крытычна паставіліся.

Але я прасіла, я казала: калі ласка, не саджайце жанчын у ШІЗА, гэта страшна. Гэта здароўе. Калі там ты знаходзішся, то жаночае здароўе можна пахаваць. Там настолькі холадна, што можна адмарозіць усё што заўгодна. І маладыя дзяўчаты, калі яны знаходзяцца там даволі доўга, — гэта крыж на тым, што яны змогуць мець дзяцей.

Таму я пераконвала: давайце мне казаць. Я буду ўгаворваць людзей. Калі гэта не ў межах нейкай жэсці, я лічу, што можна дамаўляцца. Але там жа бывалі складаныя кейсы, тыпу Лазарчык (палітзняволеная Алена Лазарчык праз кепскі зрок у калоніі адмовілася шыць, пазней была дадаткова асуджаная па арт. 411, цяпер адбывае пакаранне ў калоніі №24 для рэцыдывістак — НН). Ну вось як Лазарчык угаварыць, каб яна шыла?

Ты проста не ўяўляеш насамрэч, з Лазарчык як яны ішлі на саступкі. Калі яна напісала адмову ад працы, я нават угаварыла майстра не даваць ход гэтай заяве. І яна пагадзілася адкласці яе на дзень. І я падышла да Лазарчык і пачала маліць яе. Я сказала, давай я табе аддам свой працэс, ён лёгкі, я буду табе мелам маляваць. Толькі не ідзі ў ШІЗА. Яна адказала: «Я свайго рашэння ніколі не мяняю, калі я напісала, значыць, я пайду ў ШІЗА». Я ёй сказала: «Ну ты ж разумееш, што ты забіваеш сябе проста?» Яна: «Я разумею. Я хачу сябе забіваць». Ну што ты будзеш рабіць?

Але недзе насамрэч нешта дапамагала. Гэта, вядома, такі складаны механізм. Яшчэ бывае такое, калі цікавасць не з боку калоніі, а вышэй. Што ты зробіш? Часцей за ўсё ім жа спускалася, не так шмат было рашэнняў, якія ад іх залежалі.

Калі я бачыла, што на людзей пачыналі сыпацца нейкія праблемы, я спрабавала пралічыць: адкуль ногі растуць? Гэта Мінск ці нехта мясцовы? Калі мясцовы — то можна паспрабаваць вырашыць пытанне, спытаць: чаго вы хочаце? А калі гэта з Мінска — ну што ты зробіш? Будзеш па пошце голуба адпраўляць: пашкадуйце чалавека, гэта проста жанчына?

Пра жанчын, якіх трэба тэрмінова вызваляць

Акрамя Ірыны Мельхер, стан якіх жанчын выклікае ў цябе найбольшую занепакоенасць? Каго, ты лічыш, трэба ратаваць у першую чаргу?

— Любоў Рэзановіч. Наогул справа [Мікалая] Аўтуховіча, там яшчэ ёсць Вольга Маёрава. Людзі, якія сядзяць з 2020—2021 года. Іх у першую чаргу трэба вызваляць. Столькі гадоў прайшло. Людзі ў сталым узросце. Гэтыя тры жанчыны сядзяць з 2020 года, яны ўсе пенсіянеркі. У іх ва ўсіх куча хранічных захворванняў. У іх ва ўсіх вельмі цяжкі псіхалагічны стан. Гэта бабулі! І я, калі шчыра, наогул не ўяўляю, якую пагрозу яны могуць цяпер прадстаўляць. Яны сапраўды могуць там памерці. Я была з Ірай [Мельхер] побач, мне вельмі страшна, што яна проста не выйдзе з гэтай калоніі. Дзякуй богу, пакуль ніхто з жанчын у калоніі не памёр. Я вельмі спадзяюся, што гэтага і не адбудзецца.

Яшчэ ёсць дзяўчынка — Марына Леановіч. Вось у яе таксама вельмі складаная сітуацыя, бо маюцца псіхалагічныя асаблівасці, у тым ліку псіхіятрычны дыягназ. Яна не вытрымлівае. Уяві: цяжкі псіхалагічны стан, «палітычная» дзесятая катэгорыя, яшчэ вось гэта ўсё асяроддзе таксічнае.

Я лічу, што пенсіянерак, жанчын з хранічнымі захворваннямі, з асаблівасцямі псіхічнага стану — іх у першую чаргу трэба вызваляць. Шматдзетныя… Жанна Аўрамчык, у якой анеўрызма галаўнога мозга, у яе эпілептычныя прыступы, яна пенсіянерка. Цяжкая сітуацыя, вядома. І такіх гісторый дзясяткі і дзясяткі…

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула