БЕЛ Ł РУС

Расія на мяжы вычарпання грошай: дэфіцыт бюджэту за 4 месяцы ў паўтара раза перавысіў прагноз на цэлы год

12.05.2026 / 13:12

Nashaniva.com

Расійская фінансавая сістэма сутыкнулася з сур’ёзным выпрабаваннем: паводле звестак Мінфіна РФ, за першую трэць 2026 года дзірка ў дзяржаўнай казне разраслася да значных памераў — каля $80 млрд па сённяшнім курсе. Выдаткі ўрада так імкліва апярэджваюць даходы, што гадавы ліміт дэфіцыту быў праедзены ўсяго за чатыры месяцы.

Сітуацыя выглядае для расіян крытычна: замест запланаваных на ўвесь год 3,8 трыльёна расійскіх рублёў дэфіцыту (каля $52 млрд па сённяшнім курсе), Расія ўжо атрымала мінус у 5,877 трыльёна расійскіх рублёў (каля $80 млрд).

Інфаграфіка: «Коммерсант»

Даходы федэральнага бюджэту па выніках студзеня—красавіка склалі 11,7 трлн рас. руб., выдаткі — 17,6 трлн рас. руб., паведаміў Мінфін РФ. У выніку дэфіцыт бюджэту вырас з 4,6 трлн рас. руб. (1,9% ВУП) за першы квартал да 5,9 трлн руб. (2,5% ВУП) за чатыры месяцы 2026 года. У 2025‑м за такі ж перыяд паказчык быў удвая меншым і складаў 1,4% ВУП.

Асноўная прычына такога фінансавага правалу — каласальныя выдаткі на ваенныя патрэбы і авансаванне дзяржзаказаў, якія выраслі больш чым на 40% у параўнанні з мінулым годам.

Даходная частка бюджэту па выніках студзеня—красавіка адносна такога ж перыяду мінулага года скарацілася на 4,5%. Хаця гэтае адставанне ад леташніх паказчыкаў памяншаецца, піша «Коммерсант». Так, нафтагазавыя паступленні падраслі на 10,2% год да года (па выніках трох месяцаў было 7,1%), склаўшы 9,4 трлн рас. руб. Галоўны ўклад у даходы традыцыйна ўнёс ПДВ (унутраны і пры імпарце), які збіраецца па новай стаўцы, — плюс 20,2% год да года (5,3 трлн рас. руб.).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула