У Польшчы змянілі падыход да выдачы ўцякацтва для адной групы беларусаў
Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы прызнала беларускіх незалежных журналістаў «асаблівай сацыяльнай групай», што дае ім магчымасць атрымліваць статус уцекача менавіта ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю.
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: «Наша Ніва»
На гэты момант гэта адзіная прафесія, якую разглядаюць як асобную ўразлівую групу нароўні з публічнымі палітыкамі з беларускай апазіцыі.
«Незалежныя журналісты і раней атрымлівалі як статус уцекача, так і дадатковую абарону. Але доўгі час іх справы ацэньваліся найперш праз прызму былых затрыманняў, палітычных поглядаў, публічнасці і «ўзроўню вядомасці», — удакладняе юрыстка Вольга Дабравольская. «Вядома, журналістам усё роўна трэба будзе даказваць рызыку або факт пераследу ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю, але цяпер яны могуць гэта рабіць на падставе самога факта сваёй дзейнасці. То бок, упраўленне прызнала, што ёсць такая група, што яна ўразлівая і што гэта звязана з індывідуальным пераследам».
Вольга дапамагае розным беларусам у выгнанні вось ужо шэсць гадоў, пры гэтым увесь гэты час яе кліентам галоўным чынам выдавалі дадатковую абарону, а не статус уцекача — нават у выпадках, калі людзі цалкам падпадалі пад вызначэнне ўцекача паводле Жэнеўскай канвенцыі.
Але нядаўна атрыманыя рашэнні па журналісцкіх кейсах — важны паварот для ўсёй журналісцкай супольнасці ў Польшчы. Прадстаўнікі іншых прафесій, напрыклад, адвакаты, такой прывілегіі на дадзены момант не маюць.
Прыклад рашэння па наданні статусу ўцекача
«Заўсёды прыходзілася абскарджваць кожнае рашэнне. Раней толькі праз публічнасць давалі статус уцекача. А вось ужо ў трох апошніх справах кліентам далі статус уцекача чыста за прафесійную групу — незалежныя журналісты. Пры гэтым заяўнікі не былі публічнымі персонамі».