У Расіі заявілі пра паспяховы пуск ракеты «Сармат»
Камандуючы расійскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Сяргей Каракаеў далажыў пра паспяховы пуск «Сармата» прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.
Скрыншот з відэа няўдалай спробы выпрабавання «Сармата» ў лістападзе 2025 года
Па словах Уладзіміра Пуціна, «Сармат» — самы магутны ракетны комплекс у свеце. Сумарная магутнасць боезарада, які дастаўляецца гэтай ракетай, у чатыры разы перавышае любыя аналагі, а далёкасць яго прымянення за кошт субарбітальнай траекторыі перавышае 35 тысяч кіламетраў.
У канцы гэтага года, як абяцае прэзідэнт Расіі, «Сармат» паставяць на баявое дзяжурства.
Акрамя таго, на завяршальнай стадыі знаходзяцца і работы над комплексамі «Пасейдон» і «Буравеснік», заявіў Пуцін.
6 мая расійскае Мінабароны папярэдзіла пра ракетныя выпрабаванні на палігоне «Кура» на Камчатцы. У раёне Усць-Камчацкай акругі з 6 па 10 мая было забаронена знаходзіцца людзям і любой тэхніцы, звяртаў увагу Павел Подзвіг, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па даследаванні праблем раззбраення.
«Сармат» — гэта расійская міжкантынентальная ракета новага пакалення, якая павінна замяніць савецкую Р-36М2 «Ваявода» (яе яшчэ называюць Satan у класіфікацыі НАТА). Яна прызначаная для пераносу ядзерных боегаловак на вельмі вялікія адлегласці і лічыцца адным з ключавых складнікаў расійскай ядзернай стратэгіі.
Аднак праграма выпрабаванняў сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі. У 2024 годзе паведамлялася пра няўдалы запуск, калі ракета ўпала амаль адразу пасля старту, а пасля фіксаваліся іншыя інцыдэнты, уключаючы выбухі падчас выпрабаванняў. Паколькі ранейшыя спробы не прыводзілі да паспяховага палёту, гэта выклікала сумневы ў гатоўнасці сістэмы да эксплуатацыі.
Чытайце таксама:
На 9 мая Расія можа зноў паспрабаваць запусціць ракету «Сармат»
Выбух на ракетнай базе пад Арэнбургам мог быць чарговым няўдалым выпрабаваннем ракеты «Сармат»
Чарговае выпрабаванне ядзернай міжкантынентальнай ракеты «Сармат» скончылася правалам