БЕЛ Ł РУС

Дар'я Домрачава мае ў Беларусі нечаканы бізнэс

12.05.2026 / 20:00

Nashaniva.com

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава вядзе бізнэс у Беларусі як індывідуальны прадпрымальнік. Спартсменка адкрыла ІП адзінаццаць гадоў таму, восенню 2014 года. Акурат пасля Алімпіяды ў Сочы, дзе яна заваявала тры залатыя медалі, піша выданне «Люстэрка».

Дар’я Домрачава падчас V Нацыянальнага форуму атлетаў. Мінск, 15 красавіка 2026 года. Фота: НАК

Асноўны від дзейнасці ІП Домрачавай — здача ў наём уласнай і арандаванай нерухомай маёмасці. З дапамогай Belpol «Люстэрка» даведалася, што спартсменка валодае офіснымі памяшканнямі ў 33‑павярховым бізнэс-цэнтры Royal Plaza, што на праспекце Пераможцаў, 7А. Будынак знаходзіцца недалёка ад гандлёвага цэнтра Galleria Minsk.

Цікава, што Royal Plaza ўвялі ў эксплуатацыю ў маі 2014 года, у чэрвені біятланістка перастала служыць у КДБ, а ў верасні адкрыла ІП.

Бізнэс-цэнтр Royal Plaza на праспекце Пераможцаў. Мінск, красавік 2026 года. Фота: «Яндэкс»

Ва ўласнасці ў Домрачавай — чатыры памяшканні на 16‑м паверсе. Агульная плошча складае 474 квадратныя метры. Калі яна іх купіла і якую суму выдаткавала, невядома.

Зараз офіс на чацвёртым паверсе Royal Plaza прадаюць па цане ў 8,5 тысячы рублёў за квадратны метр (крыху больш за 3000 даляраў — тут і далей перавод па курсе Нацбанка на 12 мая). Калі зыходзіць з гэтай цаны, то кошт 474 квадратаў у гэтым бізнэс-цэнтры можа складаць 1,44 мільёна даляраў.

План 16‑га паверха бізнэс-цэнтра Royal Plaza. Скрыншот: старонка royal-plaza.of.by

Кошт арэнды такой нерухомасці вар’іруецца ад 48 да 59 рублёў за квадрат. Калі б Домрачава здавала свае метры па такой цане, то штомесяц атрымлівала б ад 22,8 да 28 тысяч рублёў (ад 8150 да 8500 даляраў).

Гэта не ўся нерухомасць спартсменкі ў Мінску. Як удалося высветліць «Люстэрку», біятланістцы належаць яшчэ дзве кватэры. Адна — плошчай 250 квадратных метраў — размешчаная праз раку ад бізнэс-цэнтра Royal Plaza ў так званым «доме Чыжа» на вуліцы Старажоўскай. Другая — меншая, 57 квадратных метраў — на Каменнагорскай.

Акрамя гэтага, у Дар'і ёсць дом у статусным пасёлку Лапаравічы, што пад Мінскам. У 2020 годзе СМІ паведамлялі, што ўчастак недалёка ад дома Домрачавай атрымаў у арэнду на 99 гадоў і французскі акцёр Жэрар Дэпардзьё.

Так выглядаў дом Дар’і Домрачавай у пасёлку Лапаравічы падчас будаўніцтва ў 2016 годзе. Фота: БелаПАН

Між тым здача нерухомасці — не адзіны бізнэс Дар'і Домрачавай. У яе ёсць імянны магазін адзення і іншых спартыўных тавараў. Аднак юрыдычна ён ёй не належыць, а зарэгістраваны на ІП яе мамы — Ларысы Мінінай.

Чытайце таксама:

Б'ёрндален прызнаўся, што яму прапаноўвалі ўзначаліць Міжнародную федэрацыю біятлону

У элітнай вёсцы Лапаравічы пад Мінскам прадаюць дом за $2,1 мільёна. Бонусам зорныя суседзі — Домрачава і Глеб

9‑гадовая дачка Домрачавай заняла другое месца ў «Снежным снайперы» ў Раўбічах

Домрачава гатовая ўзначаліць зборную Беларусі. Але пры адной умове

Каментары да артыкула