На відэа з выпрабавання ракеты «Сармат» журналісты ўгледзелі дзіўную дэталь
Пасля заявы Уладзіміра Пуціна пра паспяховае выпрабаванне ракеты «Сармат» Міністэрства абароны Расіі апублікавала відэа запуску. Аднак уважлівыя назіральнікі заўважылі на кадрах нечаканую дэталь: у камандным цэнтры за шклом знаходзіцца згорнуты сцяг вайсковага інстытута, які быў расфармаваны яшчэ ў 2011 годзе, піша «Агентство».
Гэты сцяг знаходзіцца справа ад так званага «Баявога паста №2». На ім бачныя характэрныя элементы — чатыры аранжавыя прамяні з залатымі эмблемамі і чорным абрамленнем. Па гэтых прыкметах эксперты і журналісты вызначылі, што гэта сімволіка Вайсковага інстытута павышэння кваліфікацыі спецыялістаў мабілізацыйных органаў (ВІПКСМО), які быў ліквідаваны больш за дзесяць гадоў таму, а знаходзіўся ў Саратаве.
На гэтую неадпаведнасць першым звярнуў увагу журналіст Дзмітрый Сухараў.
Акрамя гэтага, у матэрыяле згадваецца чалавек, які прысутнічае на «Баявым пасце №1» падчас запуску. Гэта 36‑гадовы вайсковец Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Андрэй Казуб. Паводле аналізу ўцечак даных, ён зарэгістраваны ў закрытым вайсковым гарадку Ясны ў Арэнбургскай вобласці, дзе размешчаная адна з ракетных дывізій РФ. Таксама вядома, што ён атрымліваў даход ад Міністэрства абароны, у тым ліку ў якасці камандзіра групы.
12 мая кіраўнік расійскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Сяргей Каракаеў далажыў Пуціну пра нібыта паспяховыя выпрабаванні «Сармата» і паабяцаў, што ракета паступіць на баявое дзяжурства да канца года. Аднак гэта не першае падобнае абяцанне: раней улады ўжо некалькі разоў паведамлялі пра хуткае ўвядзенне ракеты ў строй, хоць тэрміны пастаянна пераносіліся.
Чытайце таксама:
У Расіі заявілі пра паспяховы пуск ракеты «Сармат»
На 9 мая Расія можа зноў паспрабаваць запусціць ракету «Сармат»
Выбух на ракетнай базе пад Арэнбургам мог быць чарговым няўдалым выпрабаваннем ракеты «Сармат»