Іран захаваў 70% ракетнага арсенала, нягледзячы на заявы Трампа аб разгроме Тэгерана — NYT
Сакрэтныя справаздачы амерыканскай разведкі сведчаць, што ваенны патэнцыял Ірана застаецца значна вышэйшым, чым гэта публічна сцвярджае адміністрацыя Дональда Трампа. Згодна з данымі разведсупольнасці, Тэгеран змог аднавіць кантроль над большасцю сваіх ваенных аб’ектаў, піша The New York Times.
Праўрадавы мітынг у Тэгеране, 27 красавіка 2026 г. Фота: AP Photo / Vahid Salemi
Згодна з інфармацыяй выдання, Іран усё яшчэ валодае прыкладна 70% свайго даваеннага запасу ракет.
Таксама краіна захавала каля 70% мабільных пускавых установак па ўсёй краіне.
Тэгеран вярнуў аператыўны доступ да 30 з 33 ракетных пляцовак уздоўж стратэгічна важнага Армузскага праліва. Акрамя таго, каля 90% падземных сховішчаў і пускавых шахтаў па ўсёй краіне прызнаны «часткова або цалкам функцыянальнымі».
Гэтыя звесткі прама абвяргаюць словы прэзідэнта Трампа і кіраўніка Пентагона Піта Хегсэта. Раней Трамп заяўляў, што іранскія ракеты «зведзены да адзінак», а Хегсэт сцвярджаў, што аперацыя «Epic Fury» зрабіла армію Ірана небаяздольнай на гады наперад. «У Ірана няма флота, няма сувязі, няма ваенна-паветраных сіл. Іх ракеты разляцеліся на кавалкі. Іх беспілотнікі знішчаюцца паўсюль, у тым ліку і тыя, якія яны вырабляюць», — казаў Трамп.
Разведка папярэджвае, што ў выпадку аднаўлення баявых дзеянняў ЗША сутыкнуцца з дэфіцытам крытычна важных боепрыпасаў. Падчас канфлікту амерыканскія сілы ўжо выкарысталі велізарную колькасць ракет Tomahawk і перахопнікаў Patriot, на папаўненне запасаў якіх спатрэбяцца гады.
Прадстаўнікі Белага дома назвалі гэтыя справаздачы «дэзінфармацыяй», працягваючы настойваць на тым, што іранская ваенная машына «разгромлена». Аднак аналітыкі асцерагаюцца, што недаацэнка ўстойлівасці Ірана можа прывесці да новага вітка эскалацыі ў рэгіёне.