Сёння на Гомельшчыну заляцелі мінімум шэсць расійскіх беспілотнікаў
Падчас масаванай паветранай атакі Расіі па гарадах Украіны раніцай 13 мая былі зафіксаваныя чарговыя выпадкі парушэння паветранай прасторы Беларусі, а менавіта Гомельшчыны, паведамляе «Флагшток».
Тг-канал «Радар»
Паводле даных украінскага маніторынгавага канала «Рында моніторіт», першы такі выпадак адбыўся каля 08:40. Адзін БпЛА праз Любеч у Чарнігаўскай вобласці вылецеў у бок Брагіна.
А 09:23 гэты ж канал паведаміў, што дрон рухаецца праз Брагін у бок Хойнікаў (мусіць, той самы).
Затым, каля 10:00, адразу 5 БпЛА манеўравалі ў раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Неўзабаве канал праінфармаваў, што 3 дроны накіроўваюцца курсам на Брагін, а 2 — курсам на Хойнікі.
Тое, што расійскія беспілотнікі фіксаваліся паблізу Брагіна і Хойнікаў, пацвярджалі і іншыя маніторынгавыя каналы.
Такім чынам, меркавана, раніцай 13 мая як мінімум 6 расійскіх БпЛА заляцелі на Гомельшчыну. Іх далейшы лёс пакуль невядомы.