Беларускім валейбалістам дазволілі выступаць на міжнародных спаборніцтвах
Міжнародная федэрацыя валейбола дазволіла беларускім спартсменам і камандам вярнуцца да ўдзелу ў міжнародных валейбольных спаборніцтвах.
Беларуская федэрацыя валейбола атрымала ліст за подпісам прэзідэнта FIVB Фабіа Азеведа, у якім выкладзены рашэнні пасяджэння Адміністрацыйнага савета, піша Прессбол.
— Пільнуючыся рэкамендацый МАК, Адміністрацыйны савет прыняў рашэнне дапусціць нацыянальныя зборныя Беларусі па валейболе да турніраў пад эгідай арганізацыі. Гэтае рашэнне датычыцца таксама зборных па пляжным валейболе ўсіх узростаў.
У БФВ адзначылі, што чакаюць рашэнняў таксама ад Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола адносна ўдзелу нашых зборных у кантынентальных турнірах.
Бан на беларускі валейбол быў накладзены пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.