БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў і спецпрадстаўнікоў

13.05.2026 / 14:45

Nashaniva.com

У брыфінгу ўдзельнічалі прадстаўнікі Літвы, Ірландыі, Італіі, Малдовы, Латвіі, Нідэрландаў, Ізраіля, Фінляндыі, Эстоніі, Харватыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Францыі, Іспаніі, Нарвегіі, Румыніі, ЗША, Германіі, Японіі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Паўночнай Рады, паведамляе яе прэс-служба.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Сустрэча прайшла ў Офісе Святланы Ціханоўскай у Вільні. Ціханоўская падкрэсліла, што Офіс працягвае працу, а Літва застаецца адным з найбліжэйшых і найважнейшых партнёраў дэмакратычных сілаў:

«Я вельмі радая, што гэты брыфінг я праводжу тут, у нашым Офісе ў Вільнюсе. Я хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на пашырэнне нашай дзейнасці ў Польшчы, Офіс Святланы Ціханоўскай застаецца адзінай і непадзельнай установай. І я глыбока ўдзячная Літве за захаванне нашай дыпламатычнай акрэдытацыі».

Асноўныя тэмы сустрэчы: вызваленне палітвязняў, легалізацыя беларусаў за мяжой, праца Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве і Польшчы, міжнародны ціск на рэжым, супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям.

Асобна Ціханоўская падзякавала Польшчы за падтрымку і салідарнасць з беларусамі, ЗША — за намаганні па вызваленні палітвязняў, Швецыі, Нарвегіі і Германіі — за падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Таксама яна падзякавала Іспаніі за прызнанне беларускіх пашпартоў са скончаным тэрмінам дзеяння, Малдове — за ўдзел у вызваленні зняволеных, а Літве — за ініцыятыву па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула