У Японіі змагаюцца з мядзведзямі пры дапамозе «ваўкоў-монстраў» з чырвонымі вачыма
На фоне беспрэцэдэнтнага росту колькасці нападаў мядзведзяў на людзей у Японіі пачалі актыўна выкарыстоўваць незвычайныя тэхналогіі. Каб засцерагчы населеныя пункты і сельскагаспадарчыя ўгоддзі ад агрэсіўных драпежнікаў, мясцовыя інжынеры распрацавалі спецыяльных робатаў-ваўкоў, якія сваім жахлівым выглядам і гукамі прымушаюць жывёл трымацца далей ад чалавечых паселішчаў. Попыт на такія прылады расце настолькі хутка, што вытворцы ўжо не паспяваюць іх збіраць.
«Воўк-монстр» японскай кампаніі Ohta Seiki. Фота: robotatta.com
У апошнія гады колькасць сустрэч чалавека з мядзведзем у Японіі дасягнула гістарычнага максімуму. Як піша Tagesspiegel са спасылкай на AFP, толькі за апошні год у краіне зафіксавалі больш за 50 тысяч выпадкаў з’яўлення драпежнікаў паблізу населеных пунктаў — гэта больш чым удвая перавышае паказчыкі двухгадовай даўніны. Мядзведзі ўсё часцей заходзяць у гарады і вёскі, з’яўляюцца каля школ, супермаркетаў і папулярных турыстычных месцаў.
На гэтым фоне рэзка вырасла і колькасць жывёл, якіх адлоўліваюць і забіваюць. За апошні год у Японіі знішчылі 14 601 мядзведзя — гэта ўтрая больш, чым раней. Павялічваецца і колькасць чалавечых ахвяр: за год ад нападаў мядзведзяў загінулі 13 чалавек, што стала новым сумным рэкордам для краіны.
У адказ на рост колькасці небяспечных сустрэч японская кампанія Ohta Seiki з вострава Хакайда прапанавала незвычайны спосаб адпужвання драпежнікаў — робата пад назвай «Воўк-монстр».
Прылада, пакрытая калматым футрам, мае чырвоныя святлодыёдныя вочы, якія свецяцца ў цемры, і магутныя дынамікі. Робат здольны выдаваць больш за 50 розных гукаў — ад пранізлівага выцця да чалавечых крыкаў і электроннага шуму, якія чуваць на адлегласці да кіламетра.
Кіраўнік кампаніі расказаў журналістам, што попыт на такіх робатаў цяпер рэкордны. З пачатку года ўжо атрымана каля 50 заказаў — раней столькі куплялі за цэлы год.
Кошт аднаго «ваўка-монстра», абсталяванага датчыкамі руху, батарэямі і сонечнымі панэлямі, складае каля 3400 еўра. Нягледзячы на высокі кошт, заказы паступаюць з усёй краіны — ад фермераў да ўладальнікаў гольф-клубаў. Робаты збіраюцца ўручную, таму вытворцы ўжо не паспяваюць задавальняць попыт, а пакупнікам даводзіцца чакаць пастаўкі па некалькі месяцаў.
Цікава, што, калі ў 2016 годзе распрацоўка была ўпершыню прэзентавана, многія ўспрынялі яе як дзіўную цацку або забаўку. Аднак з цягам часу прылада даказала сваю эфектыўнасць і сёння ператварылася ў паўнавартасны інструмент бяспекі.
Цяпер кампанія працуе над новай версіяй робата — на колах. Плануецца, што такая мадэль зможа самастойна пераследаваць жывёл або патруляваць зададзеныя маршруты.
Чытайце таксама:
Мядзведзь ужо тыдзень абкрадае пчаляра пад Шумілінам
Літоўскія памежнікі паказалі, як каля мяжы з Беларуссю раку пераплывае мядзведзь ВІДЭА