БЕЛ Ł РУС

«Лічу, што гэта мая місія». Беларускамоўны Павел з ДЦП выклікаў хвалю захаплення, зайздрасці і любові

14.05.2026 / 13:11

Максім Сыраежка

Павел і ягоная дзяўчына выпадкова трапілі ў вулічную апытанку мінскага блогера. «Якія прыгожыя, светлыя чалавечкі. Шчасця абаім!» — тысячы людзей адрэагавалі.

Павел са сваёй дзяўчынай. Скрын відэа

Мінскі блогер Дзмітрый Жых (Belrels) вядомы сваімі вулічнымі інтэрв'ю з выпадковымі мінакамі. Ён распытвае месцічаў пра тое, як яны жывуць і пра што мараць, пры гэтым часта героямі яго апытанак становяцца людзі з інваліднасцю.

Нядаўна ў яго канале з’явілася відэа, якое ён суправадзіў подпісам: «Энергія, якая сцірае межы!».

Блогер патлумачыў, што выпадкова сустрэў на вуліцы неймаверную пару. У хлопца, якога завуць Павел, — ДЦП. Аднак, па словах аўтара відэа, «за драйвам і шчырасцю юнака гэтага проста не заўважаеш».

«Ён — філолаг, які закаханы ў беларускую мову, і яго свет зараджае ўсё навокал», — піша Дзмітрый.

На пытанне, ці не перашкаджае жыць Паўлу яго захворванне, той шчыра прызнаўся, што часам «бывае цяжка кудысьці падняцца».

«А так збольшага ўсё добра. Люблю чытаць кнігі, люблю футбол — ну, гляджу ў асноўным», — працягнуў хлопец.

Павел расказаў, што ў будучыні хацеў бы рэалізаваць сябе ў прафесіі:

«Мне цікава займацца навукай. Лічу, што ў Беларусі павінна больш развівацца беларуская мова. У нас шмат выбітных людзей, якія праславілі нашу краіну на ўвесь свет. У краіне гэтаму надаецца мала ўвагі, таму я і абраў для сябе такі шлях. Лічу, што гэта мая місія».

У кароткай размове Павел таксама заўважыў, што хацеў бы, каб «людзі не былі такімі злобнымі і ва ўсіх усё было добра», і параіў: «Трэба ўсміхацца, тады ўсё будзе добра».

Адказваючы на пытанне пра мару, хлопец прызнаўся:

«Мара — гэта, напэўна, каб беларуская мова квітнела. Такіх матэрыяльных рэчаў у мяне няма. Я хачу проста, каб ва ўсіх усё было добра і ўсе былі шчаслівыя».

Калі ж блогер задаў больш канкрэтнае пытанне — чым Паўла можна парадаваць — той адказаў, што даўно марыць набыць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Але кніга каштуе дорага.

«А што б вы хацелі пажадаць людзям?» — спытаў напрыканцы Дзмітрый.

«Больш усміхацца, глядзець у будучыню толькі з добрымі намерамі і ніколі не заганяцца праз нейкую лухту. У жыцці ўсё можна вырашыць, якая б ні была сітуацыя і што б ні здарылася. Заўсёды трэба ісці да сваёй мэты, сур’ёзна ставіцца да жыцця. За цябе нічога не зробяць — трэба несці адказнасць за самога сябе, і тады ўсё будзе. Ніколі не здавацца — гэта галоўнае!»

Дзяўчына Паўла ў сваю чаргу расказала, што хлопец захапіў яе сваёй дабрынёй, шчырасцю, павагай да людзей і гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў цяжкі час.

Відэа ўжо набрала звыш 150 тысяч праглядаў. «Захапленне! Які шчыры, якая прыгожая мова! Яшчэ і любіць Караткевіча! А якая дзяўчына!»; «Якія прыгожыя, светлыя чалавечкі. Шчасця абодвум!» — пішуць гледачы ў каментарах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула