ЗША адмянілі адпраўку больш як 4 тысяч вайскоўцаў у Польшчу
У краіну меркавалася перакінуць 2‑ю бранятанкавую брыгадную баявую групу.
Фота: Sean Gallup/Getty Images
Узброеныя сілы ЗША адмянілі перакідку больш як 4 тысяч салдат у Польшчу, паведамілі парталу Defense News крыніцы ў войску. Паводле іх слоў, у краіну меркавалася перакінуць 2‑ю бранятанкавую брыгадную баявую групу 1‑й кавалерыйскай дывізіі, а таксама звязаную з ёй вайсковую тэхніку.
Прадстаўнік амерыканскага войска пацвердзіў адмену разгортвання, але не стаў удакладняць падрабязнасці і перанакіраваў усе пытанні ў Пентагон. Міністэрства абароны ЗША, у сваю чаргу, не адказала на запыт Defense News.
Паводле даных партала, інфармацыя пра змяненне планаў пачала распаўсюджвацца сярод вайскоўцаў раніцай 11 мая. Салдаты паведамлялі пра рашэнне сябрам і сваякам. Пры гэтым падчас слуханняў па бюджэце ў кангрэсе, якія прайшлі 12 мая, ні міністр арміі Дэн Дрыскал, ні намеснік начальніка штаба войска генерал Крыстафер Ланіў не згадалі пра адмену адпраўкі вайскоўцаў у Польшчу.
У той жа час сенатар Джэк Рыд заявіў, што войска ЗША сутыкнулася з дэфіцытам бюджэту не менш як на $2 млрд праз працяглыя аперацыі, уключаючы разгортванне Нацыянальнай гвардыі ў Вашынгтоне і ўдзел падраздзяленняў у ахове мяжы ЗША.