БЕЛ Ł РУС

Літоўскі даследчык назваў канкрэтнае месца, дзе схаваныя парэшткі Вітаўта Вялікага

14.05.2026 / 17:45

Ф. Раўбіч

Міжваенныя ўлады Польшчы схавалі шкілет у каралеўскай крыпце Віленскай катэдры, сцвярджае Саўлюс Подзерыс. 

Крыпта ў Віленскай архікафедры. Як мяркуе Саўлюс Подзерыс, у праходзе за сцяной, размешчанай паміж трунамі з парэшткамі Барбары Радзівіл і Аляксандра Ягелончыка, могуль быць схаваныя парэшткі вялікага князя Вітаўта. Фота: Alkas.lt

Дэталі гістарычнага расследавання, праведзенага літоўскім рэстаўратарам Саўлюсам Подзерысам, былі нядаўна агучаныя ў падкасце Neredaguota і на партале Alkas.lt. У іх былі сістэматызаваныя матэрыялы даследчыка, прадстаўленыя раней падчас тэматычнай прэс-канферэнцыі ў Сейме.

Гісторыя з магчымым знаходжаннем парэшткаў вялікага князя бярэ пачатак пасля катастрафічнай вясновай паводкі 1931 года. Тады падчас маштабных рамонтна-ратавальных работ пад кіраўніцтвам прафесара Юліуса Клоса быў знойдзены маўзалей з пахаваннямі манархаў. Афіцыйная гістарыяграфія і ўлады міжваеннай Польшчы абвясцілі пра знаходку толькі трох целаў: вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, Лізаветы Аўстрыйскай і Барбары Радзівіл.

Каралеўская крыпта ў Віленскай катэдры, выяўленая ў 1931 годзе. Паводле версіі Саўлюса Подзерыса, парэшткі з правага боку могуць належаць князю Вітаўту. Фота Яна Булгака / LVIA

Аднак архіўныя матэрыялы, выяўленыя ў фондах Гданьска, ставяць афіцыйную версію пад сумнеў. На негатывах, зробленых падчас будаўніцтва каралеўскага маўзалея і антрапалагічнага аналізу знаходак, выразна бачныя не тры, а чатыры акуратна раскладзеныя шкілеты.

Фотаздымак з Гданьскага фотаархіва, на якім паказанае антрапалагічнае вывучэнне парэшткаў, выяўленых у каралеўскай крыпце ў 1931 годзе. Як вядома, былі знойдзеныя парэшткі толькі трох чалавек, Подзерыс мяркуе, што чацвёрты шкілет на заднім плане можа належаць Вітаўту.

Гэтае назіранне ўскосна пацвярджаецца і некаторымі гістарычнымі дакументамі. Яшчэ ў 1806 годзе пралат катэдры Францішак Ксаверый Богуш у сваіх лістах пісаў, што вялікі князь Вітаўт спачывае ў адной крыпце з Аляксандрам Ягелончыкам. Даследчыкі таксама звяртаюць увагу на першапачатковыя чарцяжы самога архітэктара Клоса, дзе ў планах новага маўзалея было прадугледжана месца менавіта для чатырох саркафагаў.

Адкуль узялася версія пра ўтойванне

Інфармацыя пра тое, што парэшткі Вітаўта былі знойдзеныя, але з палітычных ці кансервацыйных меркаванняў схаваныя, не з'явілася на пустым месцы. Як вынікае з сабраных даследчыкамі дакументаў, гэтыя чуткі цыркулявалі ў вузкіх колах віленскай інтэлігенцыі дзесяцігоддзямі. Спачатку пра гэта асцярожна згадваў скульптар Рафал Яхімовіч, які ў міжваенны час займаўся стварэннем помнікаў вялікаму князю. У 1990‑я гады гэтую версію па архіўных слядах сур'ёзна вывучаў архітэктар Ромас Казлаўскас.

Віленская інтэлігенцыя і духавенства перад уваходам у раскрытую каралеўскую крыпту. 1931 год. Фота: NAC

Але найбольш важны доказ утрымліваецца ў мемуарах архітэктара Вітаўтаса Ландсбергіса-Жамкальніса «З экрана памяці», выдадзеных у 2009 годзе. Аўтар абапіраўся на прамыя сведчанні свайго калегі Яна Пекшы — таго самага архітэктара, які ў 1931 годзе разам з тэхнікам Вількусам першым праціснуўся ў затопленую каралеўскую крыпту.

Паводле ўспамінаў Пекшы, у падзямеллях было больш месцаў пахаванняў і асобных трунаў, чым трапіла ў афіцыйныя справаздачы. Камісія свядома хавала інфармацыю, імкнучыся звесці да мінімуму маштаб адкрыцця, каб пазбегнуць палітычных спрэчак (палякі шанавалі Ягайлу, для літоўцаў галоўны герой — Вітаўт) і не ўскладняць працэсу ўмацавання аварыйнага сабора.

Куды маглі перанесці парэшткі вялікага князя Вітаўта

Аналіз усіх гэтых сведчанняў, а таксама гістарычных архітэктурных планаў катэдры дазволіў Подзерысу вызначыць найбольш імавернае месца, куды ў пачатку 1930‑х гадоў маглі перанесці чацвёрты шкілет. Гэта стары, замураваны ўваход часоў дынастыі Вазаў, размешчаны ў падмурку капліцы Святога Казіміра каля заходняй сцяны маўзалея.

Сухі калідор мае даўжыню каля трох метраў. Ён знаходзіцца крыху вышэй за ўзровень сучаснай падлогі, якраз паміж сучасным размяшчэннем трунаў з парэшткамі Барбары Радзівіл і Аляксандра Ягелончыка.

Праход часоў дынастыі Вазаў, які быў раскрыты пры будаўніцтве каралеўскага маўзалея пад капліцай Святога Казіміра ў міжваенны час. Фота: Neredaguota

План каралеўскага маўзалея, створанага ў міжваенны час пад капліцай Святога Казіміра. Замураваны калідор, у якім Подзерыс разлічвае адшукаць парэшткі Вітаўта — унізе чарцяжа

Калі гэта так, то парэшткі нязручнага для польскіх уладаў вялікага князя схавалі так, каб не мучыла сумленне: пакінулі ў максімальна пачэсным месцы, побач з іншымі княжацкімі пахаваннямі, але за глухой сцяной.

Подзерыс лічыць, што каб праверыць гэтую версію, не патрабуецца ні мільённых бюджэтаў, ні маштабных раскопак. Дастаткова атрымаць дазвол на свідраванне невялікай адтуліны ў гістарычным муры, праз якую ўсярэдзіну можна прасунуць эндаскапічную камеру з падсветкай і агледзець пустоты.

Чаму літоўская дзяржава не спяшаецца рэагаваць на гіпотэзу Подзерыса

Рэалізацыя гэтага простага тэхнічнага плана пакуль тармозіцца, магчыма, не ў апошнюю чаргу з-за спецыфічнай рэпутацыі ініцыятараў.

Аўтар гіпотэзы, рэстаўратар Саўлюс Подзерыс, раней быў асуджаны за сувязі з чорнай археалогіяй і знаходзіцца ў адкрытым канфлікце з архідыяцэзіяй праз спрэчкі вакол выяўлення тайніка з каралеўскімі інсігніямі. Ён таксама вядомы подпісам пад патрабаваннем забараніць беларусам выкарыстоўваць гістарычны герб «Пагоня».

У ліку першых ужо выказаў сваё абурэнне бяздзейнасцю літоўскіх уладаў у гэтай справе дэпутат Вітаўтас Сініца, заклікаўшы ацэньваць выказванні Подзерыса асобна ад ацэнкі яго асобы. Сініца раней быў выключаны з уласнай нацыяналістычнай партыі за парушэнне яе статута, беларусам яго асоба вядомая ў першую чаргу акцыямі з патрабаваннямі выгнаць з Літвы Офіс Святланы Ціханоўскай.

На гэты момант інфармацыя пра дакладнае месцазнаходжанне гіпатэтычнага пахавання перададзена Міністэрству культуры і парламенцкай камісіі па гістарычнай памяці. Рашэнне аб тым, ці будзе праведзена эндаскапічнае даследаванне мура, застаецца за дзяржаўнымі ўстановамі і Віленскай архідыяцэзіяй.

Чытайце таксама:

У Літве апублікавалі шэраг архіўных спраў з фотаздымкамі Яна Булгака

У Літве збіраюцца даказаць, што парэшткі князя Вітаўта ляжаць у крыпце Віленскай катэдры

Як разгул прыроды вярнуў целы Барбары Радзівіл і вялікага князя Аляксандра і чаму таямніцу знікнення іхніх рэгалій змаглі раскрыць толькі цяпер

У Вільні будуць шукаць магілу Вітаўта. Пошукі, якія праводзіліся стагоддзе таму, прывялі да вялікіх адкрыццяў, але мэты не дасягнулі

Каментары да артыкула