БЕЛ Ł РУС

Аплявуха ва ўрадавым самалёце. Што магло выклікаць гнеў Брыжыт Макрон?

14.05.2026 / 11:28

Антось Жупран

У маі 2025 года Эмануэль і Брыжыт Макрон прыбылі ў сталіцу В’етнама Ханой на ўрадавым самалёце. Камеры заснялі, як першая лэдзі рэзка дакранулася рукой да твару французскага прэзідэнта. Многія тады ўспрынялі гэты жэст як аплявуху, хоць сам Эмануэль Макрон пазней настойваў, што ніякай сваркі паміж імі не было. Аднак цяпер аўтар кнігі пра французскага прэзідэнта сцвярджае, што прычынай напружання мог стаць флірт Макрона з вядомай актрысай.

Эмануэль і Брыжыт Макрон. Фота: Dan Kitwood / Getty Images

Паводле журналіста выдання Paris Match Фларыяна Тардзіфа, які напісаў кнігу «(Амаль) ідэальная пара» («Un couple (presque) parfait»), Эмануэль Макрон цягам некалькіх месяцаў падтрымліваў «платанічныя адносіны» з іранскай актрысай Гальшыфтэ Фарахані. Аўтар неаднаразова чуў пра гэта ад людзей з атачэння актрысы.

Па словах Тардзіфа, перапіска паміж французскім прэзідэнтам і Фарахані была даволі асабістай. У паведамленнях нібыта былі кампліменты адносна знешнасці актрысы, а сама камунікацыя «зайшла даволі далёка». Сварка ў самалёце нібыта адбылася пасля таго, як Брыжыт Макрон прачытала паведамленне ад актрысы ў тэлефоне прэзідэнта.

Атачэнне Брыжыт Макрон у сераду, 13 мая, у каментары для Le Parisien заявіла, што першая лэдзі яшчэ 5 сакавіка ў асабістай размове з аўтарам кнігі катэгарычна абвергла гэтую версію і падкрэсліла, што ніколі не заглядвае ў мабільны тэлефон мужа. Гэтую дэталь, як сцвярджаюць у Елісейскім палацы, аўтар кнігі нават не апублікаваў.

Сам Эмануэль Макрон пасля інцыдэнту таксама настойваў, што ніякай сваркі не было. Прэзідэнт Францыі сцвярджаў, што яны з жонкай проста жартавалі, як робяць гэта часта.

Гальшыфтэ Фарахані. Фота: Dominique Charriau / WireImage

Як піша Tagesspiegel, у кнізе Тардзіф таксама закранае тэму адносін пары напярэдадні заканчэння другога прэзідэнцкага тэрміну Макрона. Паводле журналіста, муж і жонка па-рознаму ўяўляюць сабе жыццё пасля Елісейскага палаца.

Брыжыт Макрон, якой хутка споўніцца 75 гадоў, нібыта хоча прысвяціць больш часу дзецям і ўнукам. Паводле Тардзіфа, яна марыць пра спакойнае жыццё ў доме каля мора. Сам жа прэзідэнт, наадварот, нібыта не адмовіўся ад палітычных амбіцый і ўжо думае пра магчымасць вяртання на выбары 2032 года, калі французская канстытуцыя дазволіць яму зноў балатавацца.

Журналіст таксама сцвярджае, што ўплыў Брыжыт Макрон на мужа ў апошні час прыкметна аслаб. Калі раней яна была амаль адзіным чалавекам, хто мог адкрыта крытыкаваць прэзідэнта, то цяпер, паводле слоў Тардзіфа, Макрон усё радзей прыслухоўваецца да яе меркавання.

Журналіст таксама адзначае, што вялікая розніца ва ўзросце паміж Эмануэлем і Брыжыт Макрон, якая доўгі час не выглядала праблемай, цяпер можа пачынаць уплываць на іх адносіны.

Чытайце таксама:

Жонка Макрона пра гады ў статусе першай лэдзі: Я ўбачыла чарнату свету, дурасць, злосць

Макрон атрымаў па твары ад жонкі

Макрон Трампу: Сур’ёзныя людзі не кажуць сёння адно, а заўтра другое

Каментары да артыкула