Выйшаў на свабоду палітзняволены намеснік па ідэалогіі БелТА
Сяргей Адзярыха перадаваў інсайдарскую інфармацыю Анатолю Котаву, які публікаваў яе ў папулярны тады канал «Нік і Майк». Пасля вызвалення ён пайшоў у таксісты.
Стала вядома пра вызваленне былога топ-менеджара БелТА Сяргея Адзярыхі. Намесніка генеральнага дырэктара БелТА па ідэалогіі арыштавалі ў кастрычніку 2021 года і прысудзілі пяць гадоў калоніі за «перавышэнне ўлады» (арт. 426 Крымінальнага кодэкса).
Сяргея Адзярыху абвінавацілі ў тым, што ён перадаваў інфармацыю Анатолю Котаву ў Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне — напрыклад, пра графік паездак Лукашэнкі ці іншых чыноўнікаў. Тыя звесткі публікаваліся ў інсайдарскім канале «Нік і Майк», агулам 58 допісаў.
За інфармацыю яму нічога не плацілі.
Адзярыха быў прызнаны палітвязнем. Яго тэрмін павінен быў скончыцца прыкладна ў ліпені 2026 года, але стала вядома, што былы медыяменеджар ужо знаходзіцца на свабодзе. Паколькі артыкул, па якім асудзілі Адзярыху, быў «карупцыйным», а не «экстрэмісцкім», то тэарэтычна ў яго дачыненні магла прымяніцца амністыя.
У кастрычніку 2025 года Сяргей Адзярыха адкрыў ІП як таксіст.